Пошук

Джузэпэ Піньятонэ Джузэпэ Піньятонэ  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Францішак прыняў адстаўку старшыні Трыбунала Дзяржавы Ватыкан

Старшыня Трыбунала Дзяржавы Ватыкан Джузэпэ Піньятонэ падаў у адстаўку ў сувязі з дасягненнем узроставага абмежавання, устаноўленага для службовых асоб ватыканскай судовай сістэмы. Аб гэтым 11 снежня 2024 года паведаміла Зала друку Святога Пасада.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Францішак прыняў адстаўку Джузэпэ Піньятонэ, падзякаваўшы яму за шматгадовую службу на пасадзе старшыні Трыбунала Дзяржавы Ватыкан. Адстаўка ўступіць у сілу з 31 снежня 2024 года.

Джузэпэ Піньятонэ нарадзіўся ў Калтанісэце 8 мая 1949 года. Скончыў юрыдычны факультэт універсітэта Палерма ў 1971 годзе. Пачаў кар’еру на пасадзе суддзі ў Калтанісэце, з 1977 года быў субстытутам у Пракуратуры Італіі. У 2008 годзе быў прызначаны пракурорам Рэджыа-Калабрыі, дзе змагаўся з арганізаванай злачыннасцю. З 2012 па 2019 год быў пракурорам Рыма, а ў 2019 годзе быў прызначаны Францішкам старшынёй Трыбунала Ватыкана, змяніўшы на гэтай пасадзе Джузэпэ дала Торэ.

Падчас свайго знаходжання на пасадзе старшыні ватыканскага трыбунала Піньятонэ ўзначаліў шэраг значных судовых працэсаў. Сярод іх – працэс, які тычыўся кіравання фінансамі Святога Пасада, падчас якога прайшло 86 пасяджэнняў, а таксама працэс, які тычыўся фінансавых махінацый былога кіраўніцтва Хору Сікстынскай капэлы.

12 снежня 2024, 10:26