Хіты Галівуда загучаць у Ватыкане на канцэрце для бедных
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
На прэс-канферэнцыі, якая прайшла 6 снежня 2024 года ў Зале Друку Святога Пасада, Цымер падзяліўся сваімі думкамі пра надыходзячую падзею, якая аб'яднае выбітных музыкаў, сярод якіх віяланчэлістка Ціна Гуо, дырыжор Дарыё Вэра і мастацкі кіраўнік канцэрта, італьянскі святар і кампазітар Марка Фрызіна.
"Я глыбока ўшанаваны магчымасцю ўдзельнічаць у Канцэрце з беднымі тут, у Ватыкане. Гэта падзея паказвае, як мастацтва і музыка могуць быць магутнымі інструментамі салідарнасці і інклюзіі", - падкрэсліў Цымер.
Праграма канцэрта ўключае знакамітыя творы кампазітара, сярод якіх сюіта з фільма Пёрл-Харбар, Time з фільма Пачатак, музыка з Анёлаў і дэманаў і тэмы з Піратаў Карыбскага мора.
"Кожны твор нясе асаблівае значэнне. Сюіта з Пёрл-Харбара нагадвае нам пра гістарычную падзею і заклікае ператварыць боль у пасланне міру", - патлумачыў кампазітар.
Nova Opera Orchestra і Хор Рымскай дыяцэзіі забяспечаць музычнае суправаджэнне падзеі, арганізаванай з мэтай аб'яднання высокага мастацтва і дабрачыннасці.
"Спадзяюся, што гэты вечар натхніць усіх нас глядзець у будучыню з аптымізмам, памятаючы, што праз музыку і спачуванне мы можам пабудаваць больш справядлівы і больш чалавечны свет", - падсумаваў Ханс Цымер.