Лекцыя ў Кембрыджы: ксёндз Леметр – бацька тэорыі Вялікага выбуху
Марыя Валодзіна - Vatican News
20 лістапада 2024 года брат Гай Кансальманьё выступіў на штогадовай Лекцыі імя Фрыдрыха фон Хюгеля з дакладам на тэму Чаму мы глядзім уверх? Разважанні астранома пра Сусвет і заклік да яго даследавання. Лекцыя прайшла ў Касцёле святога Эдмунда ў Кембрыджскім універсітэце, дзе стагоддзе таму пачаў свой навуковы шлях бельгійскі святар і фізік Жорж Леметр.
Жыццёвы шлях Жоржа Леметра
Ксёндз Жорж Леметр (1894-1966) вывучаў інжынерыю, матэматыку, фізіку і філасофію ў Лёвэнскім каталіцкім універсітэце і ў семінарыі ў Мехелене. Падчас Першай сусветнай вайны служыў у бельгійскай арміі. У 1923 годзе прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне, увосень таго ж года распачаў навуковую працу ў кембрыджскім Каледжы святога Эдмунда. Заснаваны ў 1896 годзе, гэта быў адзіны каталіцкі каледж у Кембрыджы з часоў Рэфармацыі.
У Каледжы святога Эдмунда Леметр працаваў з вядомым астрафізікам Артурам Эдынгтанам, які падчас сонечнага зацьмення 1919 года правёў знакаміты эксперымент, пацвердзіўшы тэорыю адноснасці Альберта Эйнштэйна, а менавіта тое, што гравітацыя адхіляе святло зорак.
Ксёндз Леметр штодня служыў Імшу ў Капліцы святога Эдмунда, якая захавалася і сёння. У 1924 годзе ён апублікаваў артыкул Рух цвёрдага цела ў адпаведнасці з прынцыпам адноснасці, які атрымаў высокую адзнаку Эдынгтана.
Тэорыя Вялікага выбуху
У 1927 годзе ксёндз Леметр апублікаваў працу, якая пазней стала вядомая як тэорыя Вялікага выбуху. Ён дапусціў, што рух галактык з'яўляецца вынікам пашырэння Сусвету, і выказаў ідэю аб тым, што ўсё пачалося з першапачатковага атама. Як адзначыў у сваім дакладзе брат Кансальманьё, гэтая канцэпцыя Леметра паставіла пад сумнеў "касмалагічны прынцып", згодна з якім любая прастора і любы час у Сусвеце не адрозніваюцца ад любой іншай прасторы або часу.
Тэорыя Леметра ўказала на адпраўную кропку ўзнікнення Сусвету ў часе. І хоць сам яе аўтар ніколі не звязваў свае навуковыя погляды з верай, некаторыя навукоўцы ўспрынялі яго тэорыю як спробу пацвердзіць біблейскі аповед пра стварэнне свету. У Савецкім Саюзе, напрыклад, “рэакцыйнага вучонага Леметра” абвінавачвалі ў спробе адрадзіць "казку пра паходжанне свету з нічога". Аднак паступова вага навуковых доказаў зрабіла тэорыю Леметра агульнапрызнанай. І сёння Жорж Леметр застаецца яскравым прыкладам таго, як вера і навука могуць існаваць у гармоніі, падштурхоўваючы чалавека да пошуку ісціны на прасторах Сусвету.
У чэрвені 2024 года ў Ватыканскай абсерваторыі ў Кастэль-Гандольфа прайшла канферэнцыяй, прысвечаная навуковай спадчыне аўтара тэорыі Вялікага выбуху. Лекцыя ў Кембрыджы стала яшчэ адной выдатнай магчымасцю нагадаць пра ўнёсак гэтага вучонага ў развіццё астраноміі.