Mercedes-Benz падарыў Францішку новы электрычны папамабіль
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Цырымонія перадачы новага аўтамабіля прайшла 4 снежня ў Ватыкане. У ёй удзельнічала дэлегацыя высокапастаўленых прадстаўнікоў нямецкага канцэрна Mercedes-Benz Group пад кіраўніцтвам генеральнага дырэктара Ола Кэленіуса. Папа пажадаў, каб на сустрэчы прысутнічалі таксама рабочыя, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў вытворчасці.
“Для нас вялікі гонар перадаць гэты аўтамабіль Святому Айцу”, - падкрэсліў Кэленіус у каментары для Vatican News. Mercedes можа пахваліцца амаль 100-гадовым досведам працы з папамабілямі: першы такі аўтамабіль, выраблены ў Штутгарце, быў дастаўлены Папу Пію XI у 1930 годзе. У цяперашні час Папа Францішак таксама выкарыстоўвае G-клас падчас агульных аўдыенцый, хаця ён па-ранейшаму працуе на бензінавым рухавіку.
“Мы імкнёмся да нулявога ўзроўню выкідаў і выпускаем шмат электрычнай прадукцыі. У гэтым годзе мы пачалі вытворчасць электрычных аўтамабіляў G-класа. Мы ідзём па гэтым шляху і працягнем яго ў бліжэйшыя гады”, - патлумачыў Кэленіус.
Радасць ад магчымасці сустрэцца з Папам выказаў таксама Пітэр Зотэр, які працуе ў аддзеле развіцця завода ў аўстрыйскім Грацы, дзе вырабляюцца аўтамабілі G-класа. “Вядома, для мяне вялікі гонар, калі запрашаюць працаваць над такім праектам. Мы ўжо рабілі G-клас для Папы, але гэта было некаторы час таму, і я не прымаў у гэтым асабістага ўдзелу. Магчымасць папрацаваць над такім асаблівым аўтамабілем – гэта шанец, які, магчыма, выпадае толькі аднойчы ў кар’еры”, - падкрэсліў Зотэр.
Каманда спецыялістаў з розных падраздзяленняў Mercedes каля году працавала з прадстаўнікамі Ватыкана над стварэннем аўтамабіля, які адпавядае патрабаванням Папы. Вялікая ўвага была нададзена нулявому ўзроўню выкідаў, бо Ватыкан паставіў сабе за мэту зрабіць уласны аўтапарк цалкам бясшкодным для навакольнага асяроддзя да 2030 года. Некаторыя дэталі, такія як крэсла, якое верціцца, і элементы інтэр’еру, былі выраблены ўручную. Аўтамабіль створаны на базе новага электрычнага G-класа з поўным прывадам. Ён быў спецыяльна распрацаваны для язды на невялікай хуткасці, на якой Папа звычайна аб’язджае плошчу Святога Пятра падчас публічных аўдыенцый. У параўнанні са звычайным G-класам у папамабілі адсутнічае дах. У выпадку дажджу ці іншых неспрыяльных умоў надвор’я пасажыраў будзе абараняць высоўны дах. З правага боку заднія дзверы былі перароблены на сустрэчныя завесы, а з левага боку дзверы былі цалкам завараны. Як і папярэднія папамабілі, транспартны сродак пафарбаваны ў белы колер і мае нумарны знак SCV1.
Пасля цырымоніі перадачы ключоў ад новага аўтамабіля Францішак прыняў менеджараў і рабочых нямецкага прадпрыемства на кароткай прыватнай аўдыенцыі.