Венгерскі прэм'ер наведаў Ватыкан: дыялог пра лёс Еўропы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сустрэча з Францішкам 4 снежня 2024 года працягвалася 35 хвілін і прайшла ў сардэчнай атмасферы. Пасля размовы з Папам венгерскі прэм'ер сустрэўся з кардыналам-дзяржсакратаром П'етра Паралінам і падсакратаром па адносінах з дзяржавамі, ксяндзом Міраславам Вахоўскім.
Падчас перамоў у Дзяржаўным сакратарыяце былі адзначаны трывалыя і плённыя двухбаковыя адносіны паміж Святым Пасадам і Венгрыяй, а таксама выказана высокая ацэнка намаганняў Каталіцкага Касцёла ў садзейнічанні развіццю і дабрабыту венгерскага грамадства.
Асаблівая ўвага была нададзена вайне ва Украіне, яе гуманітарным наступствам і намаганням па садзейнічанні міру. Бакі таксама абмеркавалі іншыя тэмы, якія ўяўляюць узаемную цікавасць, у тым ліку старшынства Венгрыі ў Савеце Еўрапейскага Саюза, цэнтральную ролю сям'і і абарону маладога пакалення.
У якасці падарункаў Папа Францішак уручыў венгерскаму прэм'еру тэракотавую работу пад назвай Пяшчота і любоў, тамы папскіх дакументаў, Пасланне на Сусветны дзень міру 2024 года і кнігу пра Statio Orbis 27 сакавіка 2020 года.
У сваю чаргу, Віктар Орбан падарыў Пантыфіку копію кнігі Жыццё Езуса Хрыста аўтарства французскага рэлігійнага дзеяча і пісьменніка, айца-дамініканіна Анры Дзідона, выдадзеную ў 1896 годзе.