Пошук

Працягваецца місія кардынала Краеўскага ў азмрочанай вайной Украіне

Папскі элемазінарый, кардынал Конрад Краеўскі, і апостальскі нунцый ва Украіне, арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас, наведалі Фастаў, дзе адкрылі сталовую для бедных.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Візіт іерархаў у Фастаў, што ў 80 кіламетрах на паўднёвы захад ад Кіева, адбыўся 23 снежня 2024 года.

"Трэба быць з гэтымі людзьмі. На нашым месцы Езус зрабіў бы тое ж самае", - заўважыў Прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні, распавядаючы Vatican News пра сваю місію, якая пачалася з перадачы мабільнага шпіталя і шасці апаратаў ультрагукавой дыягностыкі для разбомбленых украінскіх шпіталяў.

У Фаставе, з насельніцтвам у 60 тысяч жыхароў, дзеці ў традыцыйных народных строях паказалі калядны спектакль. Сярод іх было шмат вучняў музычнай школы, якія асірацелі падчас вайны. Ім падарылі плюшавых мядзведзяў.

У Фаставе ўжо 19 гадоў працуе цэнтр святога Марціна дэ Порэса, якім кіруюць айцы-дамініканцы. Яны апекваюцца хворымі дзецьмі, пажылымі людзьмі, адзінокімі маці і бяздомнымі. Цэнтр стаў прытулкам для многіх уцекачоў. Менавіта сюды прыязджаюць валанцёры, якія прывозяць ежу з Херсона ў іншых гарадоў", - распавёў кардынал.

23 снежня там была адкрыта сталовая для бедных. “Гэта месца мае асаблівае значэнне для бедных і бежанцаў. Пенсія складае каля ста долараў, гэтыя людзі сапраўды нічога не могуць сабе дазволіць, таму дамініканцы разам з валанцёрамі, большая частка якіх родам з Польшчы, адкрылі гэтую сталовую", - паведаміў Краеўскі.

"Папа паслаў мяне за тры тысячы кіламетраў, каб падзяліцца з вамі радасцю, што Бог нарадзіўся. Спадзяёмся, што гэта апошнія ваенныя Каляды. Вера і малітва могуць зрушыць горы. Таму, калі мы давяраем Богу, гэтая абсурдная вайна скончыцца", - звярнуўся да ўкраінскіх вернікаў кардынал Краеўскі.

Кардынал Краеўскі з дзецьмі ў Фаставе
Кардынал Краеўскі з дзецьмі ў Фаставе
24 снежня 2024, 11:53