Прапаведнік Папскага дому: пачуць і прыняць Божае слова
Марыя Валодзіна - Vatican News
У другую нядзелю Адвэнту адзначаецца ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Панны Марыі. Гэта вельмі важная падзея ў духоўным жыцці вернікаў, таму што ў Марыі мы бачым прыклад адкрытасці да дыялогу з Богам і здольнасці выконваць Яго волю, - нагадаў айцец Рабэрта Пазаліні.
Капуцын нагадаў, што Марыя пазбаўлена першароднага граху і яго наступстваў. Як кажа Кніга Быцця, сур'ёзным следствам граху з'яўляецца тое, што чалавек баіцца Бога, аддаляецца ад Яго. Марыя не баіцца Бога. Яна гатова пачуць і прыняць Слова Божае, стаць Маці Божай і нарадзіць Сына Божага.
Тое, што перажыла Марыя, з'яўляецца ўнікальным досведам, але і мы, хрысціяне, праз хрост сталі “святымі і беззаганнымі перад Богам”, гэта значыць здольнымі весці з Ім дыялог і выконваць Яго волю. Марыя вучыць нас таму, як гэта рабіць. Калі анёл зʼяўляецца Марыі, Яна ўступае ў дыялог: "Як гэта станецца?" Гэта сведчыць пра Яе цікаўнасць да Божай задумы. Пасля таго, як Яна зразумела веліч і прыгажосць гэтага паклікання, Яна адказвае: "Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова". “Яна дае поўную, шчаслівую, радасную згоду, і Анёл сыходзіць ад Яе”, - сказаў прапаведнік.
Марыя паказвае нам прыклад таго, як можна сказаць так голасу Бога, нават калі ён трохі палохае нас. “І ў гэты момант мы вольныя. Мы можам стаць цалкам адказнымі за наша жыццё, свабодна і творча. Пра гэта нам нагадвае ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця”, - завяршыў сваё разважанне новы прапаведнік Папскага дому.