Папа Францішак сустракаецца з Радай кардыналаў у Ватыкане. Архіўнае фота Папа Францішак сустракаецца з Радай кардыналаў у Ватыкане. Архіўнае фота 

Папская рада кардыналаў падвяла вынікі года

У Ватыкане 2-3 снежня прайшло апошняе ў 2024 годзе пасяджэнне Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам. Абмяркоўваліся пытанні калегіяльнасці, ролі жанчын у Касцёле і сінадальнай місіі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На пасяджэнні прысутнічалі ўсе чальцы дарадчага органа на чале з Папам Францішкам. Яно праходзіла ў Доме Святой Марты.

Кардынал Марчэла Сэмерара прадставіў даклад аб калегіяльнасці ў Касцёле і адносінах паміж мясцовымі Касцёламі і касцельнымі сходамі. Гэта тэма натуральна перайшла ў абмеркаванне нядаўна завершанага Сінода.

Значная частка сустрэчы была прысвечана ролі жанчын у Касцёле. Кардыналы падвялі вынікі дыскусій па гэтай тэме, якія вяліся на працягу апошніх чатырох пасяджэнняў Рады.

Кардынал Освальд Грасіяс, старшыня адпаведнай рабочай групы, прадставіў даклад аб ролі папскіх прадстаўнікоў у кантэксце сінадальнай місіі. Таксама абмяркоўвалася ўкараненне прынцыпаў апостальскай канстытуцыі Praedicate evangelium у дыяцэзіяльных курыях.

Традыцыйна кардыналы абмяняліся меркаваннямі аб становішчы Касцёла і свету ў розных рэгіёнах, падзяліліся занепакоенасцю наконт існуючых канфліктаў і крызісаў.

Наступнае пасяджэнне Рады кардыналаў запланавана на красавік 2025 года.
 

04 снежня 2024, 09:56