Рэгент Апостальскай пенітэнцыярыі: Юбілей – час навяртання
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Святыя Брамы, якія адчыняюцца ў гэтыя дні, з’яўляюцца знакамі брамы збаўлення, адкрытай Хрыстом, - адзначыў іерарх, дадаючы, што яшчэ адной “святой брамай” ёсць канфесіянал, а сакрамэнтальная споведзь – гэта галоўная ўмова для атрымання адпусту.
Біскуп Ныкель падкрэсліў, што “адпуст з’яўляецца канкрэтнай праявай Божай міласэрнасці, якая пераўзыходзіць межы чалавечай справядлівасці і перамяняе яе”. Сведчаннем гэтага з’яўляюцца жыцці святых, у якіх мы можам убачыць, як Божая ласка здольная перамагчы нават найбольшыя слабасці. “Гэта дае нам надзею на дараванне нашых грахоў і падтрымку на шляху да святасці”, - сказаў ён.
Рэгент Апостальскай пенітэнцыярыі нагадаў, што для атрымання поўнага адпусту падчас Юбілею 2025 года вернікі павінны выканаць пэўныя асаблівыя ўмовы, вызначаныя Касцёлам. Яны прадугледжваюць сакрамэнтальную споведзь, эўхарыстычную Камунію, вызнанне веры, малітву згодна з інтэнцыямі Папы, учынкі міласэрнасці, наведванне святых месцаў, унутраную непрывязаванасць да граху, нават паўсядзённага.
Спаслаўшыся на булу аб устанаўленні Святога 2025 года, біскуп Ныкель заўважыў, што асноўным элементам юбілейнай падзеі з’яўляецца пілігрымаванне. “Пілігрымка па сутнасці нагадвае пра асабісты шлях верніка следам за Збаўцам і выражае сэнс нашага чалавечага існавання. Яно, як сцвердзіў святы Ян Павел ІІ, з’яўляецца “быццам вялікай пілігрымкай да дому Айца”. Пілігрымаванне, выхад у шлях, азначае не толькі змену фізічнага месца, але і перамяненне самога сябе. (...) У гэтым сэнсе пілігрымка, якая характарызуе гэты год, пачынаецца яшчэ перад самім падарожжам, перад выхадам у дарогу. Іншымі словамі, зыходным пунктам з’яўляецца рашэнне распачаць яе, рашэнне на карысць Хрыста. Без гэтага будзе цяжка перажыць досвед навяртання, змены жыцця, каб скіраваць яго да Божай святасці”, - падкрэсліў іерарх.
Указваючы на значэнне праходу праз Святыя Брамы ў папскіх базіліках у Рыме, біскуп Ныкель патлумачыў, што яны сімвалізуюць брамы, што вядуць да збаўлення душы, адкрытай Хрыстом. “Яны з’яўляюцца заклікам змяніць жыццё, прымірыцца з Богам і бліжнімі. Таму іх перасячэнне нагадвае пераход ад граху да ласкі, да якога пакліканы кожны хрысціянін”, - дадаў рэгент Апостальскай пенітэнцыярыі.