Пошук

Рыцары Калумба перадалі Ватыкану новы трансляцыйны фургон

21 снежня 2024 года ў Ватыкане прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця новай мабільнай трансляцыйнай станцыі, якую Рыцары Калумба ахвяравалі Святому Пасаду. Фургон асвяціў прэфект Дыкастэрыі па справах кананізацыі, кардынал Марчэла Сэмерара.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі Паола Руфіні падзякаваў за падарунак Рыцарам Калумба, адзначыўшы, што новы камунікацыйны фургон быў падрыхтаваны спецыяльна да Святога года. Ён прызначаны для відэатрансляцыі юбілейных падзей “з Ватыкана, сэрца нашага Каталіцкага Касцёла”.

Вярхоўны рыцар Патрык Кэлі заўважыў, што гэта ўжо чацвёртая мабільная тэлестанцыя, ахвяраваная Ватыкану ордэнам Рыцараў Калумба. Ён адзначыў важнасць распаўсюджвання паслання Святога Айца і Касцёла на ўвесь свет, асабліва ў Юбілейны год.

Кэлі дадаў, што новая станцыя, абсталяваная перадавымі тэхналогіямі, дазволіць данесці голас Папы і юбілейныя падзеі да людзей з усяго свету, у тым ліку і да тых, хто пазбаўлены магчымасці наведаць Вечны горад.

23 снежня 2024, 11:57