Пошук

Мануэль Андрэас Дзюр Мануэль Андрэас Дзюр 

Базіліка святога Пятра: Via Crucis ад швейцарскага мастака

Фабрыка святога Пятра абвясціла пераможцу міжнароднага мастацкага конкурсу праектаў стацый Крыжовага шляху для ватыканскай базілікі. Ім стаў 36-гадовы швейцарскі мастак Мануэль Андрэас Дзюр.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Дзюр намалюе чатырнаццаць жывапісных твораў, якія будуць выстаўляцца ў цэнтральнай наве Сабора святога Пятра штогод на працягу велікапоснага і велікоднага перыядаў.

Заяўкі на ўдзел у конкурсе, які праводзіўся з 8 снежня 2023 года, падалі больш за тысячу мастакоў з 80 краін свету. Амаль палову з іх – 45 працэнтаў – складалі жанчыны.

Журы, у склад якога ўваходзілі мастацтвазнаўцы, літургісты і прадстаўнікі розных ватыканскіх устаноў, выбрала 14 фіналістаў. Ім было прапанавана зрабіць па два эскізы (адзін – дванаццатай стацыі Крыжовага шляху “Езус памірае на крыжы”, а другі – на ўласны выбар). Гэтыя працы выстаўляліся ў Ватыкане на адмысловай выставе.

Пераможцам конкурсу быў аднагалосна прызнаны Мануэль Андрэас Дзюр – малады творца з Швейцарыі, які вучыўся жывапісу ў Акадэміі мастацтваў у Фларэнцыі, а таксама вывучаў філасофію, гісторыю мастацтва і славістыку ў Фрыбургу і Берне. Працы Дзюра, што выстаўляліся ў розных краінах свету, характарызуюцца спалучэннем класічнага і сучаснага стыляў.

“Гэта вялікі гонар выстаўляцца побач з Мікеланджэла і Берніні, але таксама вельмі страшна ствараць творы, якія павінны знаходзіцца ў такім важным месцы”, - прызнаўся мастак у інтэрв’ю Vatican News.

Палотны Мануэля Андрэаса Дзюра будуць упершыню выстаўлены ў Базіліцы святога Пятра падчас Вялікага посту 2026 года. Праект з’яўляецца часткай падрыхтоўкі да святкавання 400-годдзя кансэкрацыі ватыканскага сабора, які быў урачыста асвечаны Папам Урбанам VIII у 1626 годзе.
 

28 снежня 2024, 12:33