Францішак падчас візіту да магілы караля Бадуэна І Францішак падчас візіту да магілы караля Бадуэна І  (Vatican Media)

Святы Пасад: першыя крокі ў справе беатыфікацыі караля Бадуэна І

Дыкастэрыя па справах кананізацыі стварыла гістарычную камісію для збору і вывучэння дакументацыі, якая датычыць Бадуэна І, караля Бельгіі ў перыяд з 1951 па 1993 год.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Бадуэн І быў глыбока веруючым католікам. У 1992 годзе ён на трыццаць шэсць гадзін прыпыніў свае каралеўскія паўнамоцтвы, каб не падпісваць закон аб легалізацыі абортаў, прыняты парламентам краіны. Закон супярэчыў яго маральным і рэлігійным перакананням. У гэты кароткі перыяд кабінет міністраў узяў на сябе функцыі рэгента і зацвердзіў акт.

Пра пачатак працэсу беатыфікацыі манарха Францішак абвясціў падчас нядаўняга візіту ў Бельгію. 28 верасня 2024 года Святы Айцец наведаў каралеўскую крыпту ў Бруселі, каб памаліцца каля яго магілы.

На наступны дзень, падчас малітвы Анёл Панскі, Папа публічна заявіў, што пасля вяртання ў Рым дасць старт працэсу беатыфікацыі бельгійскага караля Бадуэна І. Ён выказаў надзею, што прыклад гэтага манарха, чалавека веры, стане натхненнем для кіраўнікоў дзяржаў, і папрасіў бельгійскі епіскапат актыўна падтрымаць гэты працэс.

21 снежня Дыкастэрыя па справах кананізацыі паведаміла, што выконваючы даручэнне Пантыфіка, пачала прымаць адпаведныя меры. У прыватнасці, была створана гістарычная камісія, у якую ўвайшлі архівісты і гісторыкі. Яны будуць займацца зборам дакументацыі, звязанай з жыццём і дзейнасцю караля Бадуэна І.
 

22 снежня 2024, 09:55