Пошук

Трэцяе адвэнтавае казанне ў Ватыкане Трэцяе адвэнтавае казанне ў Ватыкане

Трэцяе адвэнтавае казанне: веліч Бога – у маласці

У трэцім адвэнтавым казанні прапаведнік Папскага дому, айцец Раберта Пазаліні, паразважаў над тэмай маласці. На яго думку, маласць – гэта не слабасць, а выбар Бога, чыя веліч выяўляецца ў пакоры. Маласць адкрывае шлях да сустрэчы.

Марыя Валодзіна - Vatican News

20 снежня 2024 года ў Зале Паўла VI капуцын завяршыў серыю адвэнтавых разважанняў, аб’яднаных тэмай Брамы надзеі. Сёлета яны былі звязаны з падрыхтоўкай да Святога года, які пачнецца 24 снежня.

Схаваная мера сапраўднай велічы Бога

У сваім казанні ён падкрэсліў, што веліч і моц маласці Бога праяўляюцца ў тым, што Сын Божы стаў дзіцяткам, немаўляткам, што сведчыць пра Яго пакору і адкрывае шлях надзеі. Маласць з'яўляецца схаванай мерай сапраўднай велічы Бога, якая нагадвае насенне, што ціха прарастае ў глебе. Гэта свядомы выбар Бога, які стварае прастору для сапраўдных адносін, паважаючы ўнікальнасць і свабоду кожнага чалавека, яго “права існаваць, дыхаць і свабодна выказвацца”.

Стаць малым, каб рабіць дабро

Каб рабіць дабро, трэба спачатку стаць малым, прыняць уласную маласць, якая з'яўляецца ключом да сапраўднага служэння іншым і вернасці Богу. Гэтаму вучыць прыпавесць пра Апошні Суд (Мц 25, 31-46), якая нагадвае, што напрыканцы часоў Бог будзе судзіць чалавецтва па параметры братэрскай любові. Калі-небудзь усе народы, нават не евангелізаваныя, змогуць увайсці ў Валадарства Божае дзякуючы міласэрнасці і клопату пра самых слабых, - патлумачыў айцец Пазаліні.

Маласць – гэта евангелізацыйны акт

Маласць дазваляе адкрыцца на любоў і прыняць яе, даючы іншым магчымасць праяўляць дабрыню і шчодрасць. Маласць дазваляе нам саступіць месца іншаму, каб ён "праявіў сябе найлепшым чынам". Гэта робіць маласць ладам жыцця і “актам сапраўднай евангелізацыі”, таму што спрыяе братэрскай любові, - дадаў капуцын.

Прыклад святога Францішка Асізскага

Святы Францішак Асізскі зрабіў маласць асновай свайго жыцця, што асабліва праявілася ў яго сустрэчы з султанам, які хаця і не навярнуўся, але выказаў шчодрасць і дабрыню. Хрысціяне павінны даваць іншым магчымасць рабіць дабро, бо “не маюць на яго манаполіі”, - лічыць айцец Пазаліні.

Быць аўтэнтычнымі, не асуджаючы іншых

На думку прапаведніка, прыпавесць пра Апошні Суд вучыць нас адмовіцца ад суджэння іншых і пакінуць гэта Пану, бо толькі Ён можа судзіць. Гэта дае магчымасць засяродзіцца на тым, што сапраўды важна – быць шчырымі і бескарыслівымі ў сваіх учынках.

Удзячнасць нельга купіць

Сапраўдную ўдзячнасць нельга купіць, яна бескарыслівая. Толькі праз шчырую адкрытасць, пераадолеўшы страх і пачаўшы прысвячаць сябе іншым, можна дасягнуць "глыбокага і канкрэтнага шчасця" і даверу паміж людзьмі, - адзначыў айцец Пазаліні.

Каштоўнасць неўсвядомленага дабра

Неўсвядомленае дабро – сапраўдны ключ да ўваходу ў Царства Божае. Гэта тое дабро, якое мы робім без усведамлення, але якое пазнаюць іншыя. У канцы часоў мы са здзіўленнем даведаемся, што Бог “не меў ніякіх жаданняў, акрамя вялікага жадання ўбачыць нас падобнымі да Яго ў любові”, - сказаў капуцын.

Несці надзею

Айцец Пазаліні заклікаў слухачоў увасобіць маласць, каб дзяліцца надзеяй Евангелля з светам, які, нягледзячы на знешнюю варожасць ці абыякавасць, насамрэч толькі і чакае сустрэчы з міласэрным абліччам Бога. Шчыры праход праз Святую браму ў Юбілейны год можа сапраўды прынесці вялікую надзею.

20 снежня 2024, 13:05