Папа благаславіць фігуркі Дзіцятка на плошчы святога Пятра ў Рыме
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Традыцыя бласлаўлення фігурак Дзіцятка Езуса, якая бярэ свой пачатак з 1969 года, калі Папа Павел VI упершыню благаславіў статуэткі, прынесеныя дзецьмі, працягваецца і сёлета. Урачыстасць стала неад'емнай часткай падрыхтоўкі да Нараджэння Хрыстовага для араторыяў, моладзевых груп, парафій і сем'яў Рыма.
Цэнтр Рымскіх Араторыяў арганізаваў конкурс для ўдзельнікаў, дзе кожны араторый прадставіць мастацкае палатно на тэму Сэрца Святла. Работы будуць выстаўлены на Плошчы Святога Пятра, а пераможцы атрымаюць узнагароды падчас Свята Удзячнасці 28 снежня 2024 года.
Раніцай 22 снежня 2024 года кардынал Маўра Гамбеці, арцыпрэсбітэр ватыканскай базілікі, узначаліць урачыстую эўхарыстычную цэлебрацыю. Пасля вернікі возьмуць удзел у малітве Анёл Панскі з Папам Францішкам, які блаславіць фігуркі Дзіцятка ў атмасферы свята і сапраўднай радасці.
Гэтая традыцыя выйшла далёка за межы Італіі і цяпер практыкуецца ў многіх краінах, уключаючы ЗША, Філіпіны, Англію, Ірландыю і краіны Паўднёвай Амерыкі. У сотнях супольнасцей і дыяцэзій біскупы і святары прысвячаюць адну з нядзель Адвэнту гэтай асаблівай цырымоніі, якая збірае разам сем'і, аніматараў і духавенства мясцовага Касцёла.