Зялёная энергія для Ватыканскіх музеяў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Губернатарат Дзяржавы Ватыкан ажыццяўляе праграму развіцця аднаўляльных крыніц энергіі, аптымізацыі водных рэсурсаў і садзейнічання электрамабільнасці ў супрацоўніцтве з італьянскай групай Acea.
Праект рэалізаваны ў рэкордна кароткія тэрміны – за шэсць месяцаў, нягледзячы на лагістычныя складанасці. Ён адпавядае ідэям энцыклікі Laudato si' і міжнародным абавязацельствам, прынятым Святым Пасадам у рамках Парыжскага пагаднення.
Урачыстае адкрыццё фотаэлектрычнай канструкцыі адбудзецца 20 снежня ў 11.00. У цырымоніі прымуць удзел кардынал Фернанда Вергез Альзага, сястра Рафаэла Петрыні і Джузэпэ Пулізі-Алібрандзі – адпаведна старшыня, генеральны сакратар і намеснік генеральнага сакратара Губернатарата.
За тэхнічную рэалізацыю праекта адказвалі дырэктар Упраўлення інфраструктуры і паслуг інжынер Сальваторэ Фарына і яго намеснік інжынер Сільвіа Скрэпанці. У цырымоніі таксама возьме ўдзел дырэктар Музеяў Барбара Ята.