Пошук

Юбілей-2025: падрыхтоўка Святой Брамы

Увечары 2 снежня 2024 года ў Базіліцы Святога Пятра прайшоў абрад recognitio Святой Брамы. Падчас урачыстасці Святую Браму, зачыненую ў папярэдні Юбілей, праверылі на цэласнасць, пацвердзіўшы яе гатоўнасць да адкрыцця.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Абрад узначаліў кардынал Маўра Гамбэці. У ім прымалі ўдзел таксама прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі, арцыбіскуп Рына Фізікела, і папскі цырымонімайстар, арцыбіскуп Дыега Равелі.

Супрацоўнікі ватыканскай базілікі, самп'етрыні, разбурылі мур, які закрываў Святую Браму ўнутры базілікі, і дасталі металічную скрыню, якая захоўвалася там з моманту закрыцця Юбілею Міласэрнасці, 20 лістапада 2016 года.

У скрыні захоўваецца ключ, які дазволіць адчыніць Святую Браму 24 снежня 2024 года, а таксама ручкі, пергамент з пасведчаннем аб яе закрыцці, чатыры пазалочаныя цаглінкі і некалькі медалёў з выявамі Пантыфікаў, у тым ліку Францішка, Бэнэдыкта XVI і Яна Паўла II.

Затым архіпрэзбітэр Базілікі Святога Пятра, кардынал Гамбэці, узначаліў працэсію ад Святой Брамы да Алтара Споведзі, дзе прайшла кароткая малітва. Пасля гэтага ўдзельнікі абраду перайшлі ў Залу Капітула, дзе была адкрыта металічная скрыня. Усе дакументы і прадметы, звязаныя з абрадам recognitio, будуць перададзены Францішку.

Абрады recognitio адбудуцца таксама і ў іншых рымскіх базіліках: 3 снежня 2024 года – у Базіліцы Святога Яна на Латэране, 5 снежня – у Базіліцы Святога Паўла па-за мурамі, і 6 снежня – у Базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ.

03 снежня 2024, 12:56