Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер (архіўнае фота) Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер (архіўнае фота)  (TUZN)

Галахер: свабода веравызнання – неад'емнае права чалавека

Сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі наведвае Княства Манака на запрашэнне Альберта II. 26 студзеня 2025 года ён узначаліў святую Імшу ў гонар урачыстасці святой Дэвоты, заступніцы краіны.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Звяртаючыся да прысутных у катэдры Беззаганнага Зачацця, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер нагадаў пра пакуты шматлікіх хрысціян у розных частках свету. Ён заклікаў не дапускаць атручвання сэрца нянавісцю. Гнеў супраць зла і несправядлівасці законны, але нянавісць недапушчальная, нават калі чалавека пераследуюць за веру, падвяргаюць дыскрымінацыі, зняволенню або нават смерці, - адзначыў ён.

Пры гэтым нельга не асуджаць парушэнні рэлігійнай свабоды, "фундаментальнага, першаснага і неад'емнага права”, за якое многія людзі аддалі сваё жыццё. Ён спаслаўся на апякунку Манака, якая была жорстка закатавана ў 304 годзе пасля адмовы падпарадкавацца імператару.

Іерарх падкрэсліў, што і сёння ў розных краінах свету “сцвярджэнне хрысціянскай веры можа прывесці да абвінавачванняў у блюзнерстве супраць асноўнай рэлігіі, да дыскрымінацыі ў доступе да працы, пасад, маёмасці, або нават да турэмнага зняволення ці смерці”.

"Гэта не тычыцца Княства Манака, дзе каталіцызм з’яўляецца афіцыйнай рэлігіяй", - удакладніў дыпламат, але ў многіх кутках свету пад сур'ёзнай пагрозай знаходзіцца не столькі хрысціянская вера (гісторыя паказала, што яна толькі ўмацоўваецца перад абліччам нападаў), колькі менавіта рэлігійная свабода.

Арцыбіскуп Галахер заклікаў да пакоры, мяккасці і велікадушнасці, каб “разбурыць нябачныя муры, якія маргіналізуюць, аддзяляюць і ізалююць нашы грамадства”. "Там, дзе гонар, заўсёды вайна, заўсёды жаданне перамагчы іншых, сцвердзіць сваю перавагу", - сказаў ён, дадаючы, што "без пакоры няма міру і без міру няма адзінства".

На заканчэнне гаміліі іерарх заклікаў вернікаў Манака "жыць сваёй верай у поўнай меры ". Ён заахвоціў іх у Юбілейны год "неадкладна” далучыцца да пошуку страчанай надзеі, каб сеяць яе пасярод роспачы нашага часу і нашага свету.

27 студзеня 2025, 13:37