Святы Пасад прызначыў дэлегатаў для двух манаскіх інстытутаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Рашэнне было прынята па выніках апостальскай візітацыі ў жаночы інстытут і ў працяг суправаджэння мужчынскага інстытута, якое ажыццяўляў кардынал Сантас Абрыль-і-Кастэльё ў якасці папскага камісара.
Біскуп Хасэ Антоніа Сатуэ Уэрта, пастыр Тэруэля і Альбарасіна, прызначаны папскім дэлегатам для святарскага інстытута Instituto del Verbo Encarnado, а сястра Клара Эчартэ – папскай дэлегаткай для жаночага манаскага інстытута Servidoras del Señor y de la Virgen de Matará.
Абодва інстытуты дыяцэзіяльнага права былі заснаваны ў аргенцінскай дыяцэзіі Сан-Рафаэль, а цяпер іх галоўная рэзідэнцыя знаходзіцца ў італьянскай дыяцэзіі Велетры-Сеньі.
Згодна з паведамленнем, Дыкастэрыя мае намер працягваць суправаджаць гэтыя дзве маладыя супольнасці кансэкраванага жыцця, асабліва ў тым, што датычыць фармацыі, рэлігійнай дысцыпліны, апостальства і кіравання.
Камунікат падпісалі прэфект Дыкастэрыі, сястра Сімона Брамбіла і сакратар, айцец Аітор Хіменес Эчаве. Рашэнне было прынята ў згодзе са Святым Айцом Францішкам у межах кампетэнцыі Дыкастэрыі "прасоўваць, ажыўляць і рэгуляваць практыку евангельскіх парад у тым выглядзе, у якім яна ажыццяўляецца ў зацверджаных формах кансэкраванага жыцця".