Айцец Пазаліні: унутраная смерць – магчымасць для вечнага жыцця
Марыя Валодзіна - Vatican News
Духоўныя практыкаванні для Рымскай курыі прайшлі ўвечары 10 сакавіка 2025 года ў ватыканскай Зале Паўла VI.
“Чаму нам цяжка прызнаць, што вечнае жыццё ўжо пачалося?” - запытаў прысутных айцец Рабэрта Пазаліні. Біблія кажа, што чалавек з самага пачатку аказаўся неадчувальным і варожым да дзеяння Бога. “Старазапаветныя прарокі асуджалі няздольнасць народа заўважаць "новыя рэчы", якія здзяйсняе Бог, а Езус, сутыкаючыся з непаразуменнем сваіх слухачоў, гаварыў прытчамі. Не для таго, каб спрасціць сваё пасланне, а каб падкрэсліць цвёрдасць чалавечага сэрца, закрытага на магчымасці поўнага жыцця”, - адзначыў прапаведнік.
Новы Запавет апісвае гэты стан парадаксальным сцвярджэннем: мы ўжо памерлі, але не заўважаем гэтага. Насамрэч, смерць – гэта не толькі канчатковая падзея жыцця (біялагічная смерць), але і рэчаіснасць, якую мы перажываем цяпер, праз замкнёнасць у сабе, якая перашкаджае нам успрымаць жыццё як нешта вечнае, што Бог хоча даць нам. Кніга Быцця апавядае пра гэтую страту адчувальнасці, кажучы пра тое, што традыцыя называе "першародным грахом": замест таго, каб прыняць жыццё як дар, чалавек імкнецца кантраляваць яго, пераступаючы мяжу, усталяваную Богам. Вынікам з'яўляецца не аўтаномія, абяцаная змеем, а пачуццё сораму і разгубленасці, - нагадаў францішканін.
Гэтая першая "ўнутраная смерць" праяўляецца ў нашых пастаянных спробах схаваць нашу ўразлівасць за фасадам вобразаў, роляў і поспехаў, каб заглушыць глыбокую пустату, якая жыве ўнутры нас. У Бібліі ж Бог, здаецца, не трывожыцца гэтым станам: Ён шукае чалавека, пытаючыся "Дзе ты?" (Быц 3:9). Гэта сведчыць аб тым, што ўнутраная смерць – не канец, а адпраўны пункт, з якога можа пачацца шлях збаўлення, - сказаў айцец Пазаліні.
Па словах прапаведніка, у драме Каіна і Авеля выяўляецца тая ж логіка: Бог не ўмешваецца, каб прадухіліць братазабойства, але абараняе Каіна ад віны. Гэта сведчыць аб тым, што наша "першая смерць" – не непазбежны лёс, а магчымасць наноў адкрыць вечнае жыццё як ужо цяперашнюю, а не толькі будучую рэчаіснасць.
Езус заклікае разглядаць жыццёвыя трагедыі як нагоды для навяртання, а не як знакі асуджэння (Лк 13:4-5). Бог глядзіць на нашу ўнутраную смерць не як на паразу, а як на адпраўны пункт для новага існавання. Сапраўднай перашкодай для вечнага жыцця з'яўляецца не біялагічная смерць, а наша няздольнасць прызнаць, што мы ўжо пагружаныя ў рэчаіснасць, якая выходзіць за межы часу, калі толькі мы вырашым жыць ёю з даверам і адкрытасцю да Бога.