У Ватыкане абмяркоўваюць уплыў штучнага інтэлекту на дзяцей
Марыя Валодзіна - Vatican News
У канферэнцыі прымаюць удзел вядучыя эксперты ў галіне навукі, адукацыі, этыкі і тэхналогій.
Напярэдадні ў Ватыкане прайшла прэс-канферэнцыя, прысвечаная падзеі. У ёй прынялі ўдзел кардынал Пітэр Тэрксан, канцлер Папскай акадэміі навук і Папскай акадэміі сацыяльных навук; прафесар Ёахім фон Браўн, старшыня Папскай акадэміі навук; прафесар Ханс Цольнер, дырэктар Інстытута антрапалогіі Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта; і Брыта Холмберг, намеснік генеральнага сакратара Сусветнага фонду дзяцінства.
Штучны інтэлект не павінен заставацца ў прыватных руках
Кардынал Тэрксан падкрэсліў калектыўны характар праекта і цікавасць Святога Пасада да новых тэхналогій. Ён адзначыў, што акрамя абмеркавання новай этыкі алгарытмаў (так званай “алгарэтыкі”), неабходна казаць таксама пра адказнасць асобных дзяржаў за тое, каб штучны інтэлект не заставаўся выключна “ў прыватных руках”.
Дыялог з IT-кампаніямі
Прафесар фон Браўн звярнуў увагу на рызыкі, звязаныя з новымі тэхналогіямі, якія становяцца ўсё больш відавочнымі для навуковай супольнасці. Гэта такія небяспекі, як залежнасць ад сацыяльных сетак, якая істотна ўплывае на развіццё мозгу дзяцей, парушэнні прыватнасці і маніпуліраванне дзецьмі ў камерцыйных мэтах.
Навуковец падкрэсліў, што неабходна працягваць працу на палітычным узроўні: напрыклад, у Еўрапейскім саюзе заканадаўчыя ініцыятывы па гэтай тэме застаюцца ў стадыі распрацоўкі ўжо два гады, а ў ЗША важна наладзіць дыялог з буйнымі IT-кампаніямі, такімі як Alphabet (філіял Google). У гэтым кантэксце Папская акадэмія навук можа стаць пляцоўкай для канструктыўных дыскусій.
Супрацоўніцтва дзеля выяўлення злоўжыванняў
Прафесар Цольнер адзначыў, што Ватыкан яшчэ ў 2017 годзе прызнаў ключавую ролю тэхналагічных кампаній ў абароне дзяцей. Гэты працэс быў часова перапынены, але цяпер яго неабходна аднавіць, асабліва з улікам місіі Касцёла – абараняць самых уразлівых.
Па словах Цольнера, Святы Пасад мае "унікальную" магчымасць аб'яднаць усе зацікаўленыя бакі для вырашэння праблем, якія рызыкуюць застацца нявырашанымі, калі іх вырашаць паасобку.
Статыстыка аб злоўжываннях у Інтэрнэце
Брыта Холмберг распавяла пра намаганні Сусветнага фонду дзяцінства, заснаванага каралевай Швецыі Сільвіяй 25 гадоў таму. Яна падкрэсліла, што асаблівую ўвагу трэба надаць найбольш уразлівым дзецям - мігрантам, сіротам і непаўналетнім бяздомным.
Холмберг прывяла трывожную статыстыку: кожная пятая дзяўчынка і кожны сёмы хлопчык падвяргаліся розным формам гвалту ў Інтэрнэце.
"Тэхналогіі – частка праблемы, але яны таксама павінны стаць часткай рашэння”, - адзначыла эксперт. Яе меркаванне супадае з пазіцыяй Францішка, які неаднаразова падкрэсліваў, што новыя тэхналогіі ўтрымліваюць у сабе як рызыкі, так і магчымасці.