Эніа Марыконэ Эніа Марыконэ  (ANSA)

Юбілей 2025 года: вечар духоўнай музыкі Эніа Марыконэ

Канцэрт музычных твораў на духоўную тэматыку, напісаных італьянскім кампазітарам Эніа Марыконэ, стане чарговай падзеяй з цыкла “Юбілей як культура”, арганізаванай Дыкастэрыяй па евангелізацыі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Вечар духоўнай музыкі пачнецца 30 сакавіка 2025 года ў 16.00 у касцёле святых Амброзія і Карла, які знаходзіцца на Віа-дэль-Корса ў цэнтры Рыма, заўсёды шматлюднай і ажыўлёнай. Уваход на мерапрыемства вольны, але колькасць месцаў абмежавана.

У праграме канцэрта – “Missa Papae Francisci”, напісаная да 200-годдзя аднаўлення ордэна езуітаў, “Via Crucis”, “Ave Maria Coelorum”, “Cantata Narrazione”, а таксама знакамітая “Ave Maria Guarani” з фільма Ралана Жафэ “Місія”.

Музычныя творы выканае аркестр “Roma Sinfonietta”, сумесна з “Nuovo Coro Lirico Sinfonico Romano” і Хорам імя Клаўдыё Казіні сталічнага ўніверсітэта Тор Вергата.

Арганізатары мерапрыемства заўважылі, што нават калі рэпертуар сакральнай музыкі Эніа Марыконэ не вельмі шырокі, але у ім выяўляецца здольнасць кампазітара спалучаць традыцыі і наватарства. Яго духоўныя творы пераадольваюць межы музыкальнай мовы, звяртаючыся да сакральнага з выключнай сілай і духоўнай глыбінёй. Ён падыходзіць да сакральнага як да глыбокай патрэбы ў сэнсе, - гаворыцца ў адмысловым ватыканскім камюніке.
 

22 сакавіка 2025, 11:14