Папа хоча, каб Сінод Біскупаў меў выразнае экуменічнае вымярэнне
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Інфармацыяй падзяліўся кардынал Жан-Клод Олерыш, генеральны рэлятар Сінода, які прыняў удзел у прэс-канферэнцыі, прысвечанай прэзентацыі экуменічнага чування, якое будзе папярэднічаць Асамблеі.
Гаворка ідзе пра адкрытую для ўсіх малітву ў прысутнасці Папы і прадстаўнікоў іншых хрысціянскіх канфесій. Яна пройдзе на плошчы святога Пятра ўвечары 30 верасня 2023 года, за чатыры дні да пачатку агульнага пасяджэння.
Чуванне таксама будзе суправаджацца сустрэчай моладзі, арганізаванай Супольнасцю Тэзэ. Гэта паралельнае мерапрыемства будзе праходзіць з 29 верасня па 1 кастрычніка пад дэвізам: Разам – сход народа Божага. На яго запрашаюць маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў. Іх прымуць у парафіях Рыма. Будуць сумесныя малітвы, абмен і дыскусіі.
Кардынал Олерыш адзначыў, што з самага пачатку Папа пажадаў, каб Сінод па сінадальнасці меў выразнае экуменічнае вымярэнне і католікі мелі магчымасць павучыцца ў іншых хрысціянскіх канфесій.
“Думаю, мы павінны быць пакорлівымі і пакорліва глядзець на іншыя канфесіі, на іншыя хрысціянскія супольнасці. Гэта не нейкае практыкаванне, якое можна рабіць абстрактна. (...) Гаворка ідзе пра сустрэчы, сустрэчы з іншымі людзьмі, а не толькі пра нашы ўяўленні пра іх. (...) У дыялогу мы павінны ствараць нашу хрысціянскую тоеснасць. Гэта не значыць, што адрозненняў няма. (...) Без іх мы былі б адным Касцёлам. Аднак, мы збліжаемся, калі вучымся адно ў аднаго”, - заявіў іерарх з Люксембурга.