Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: войны заўсёды застаюцца памылковымі

Тэрмінова неабходна глабальнае спыненне агню, мы стаім на краі прорвы, - падкрэсліў Папа ў інтэрв’ю італьянскаму выданню La Stampa. Яна было апублікавана 29 студзеня 2024 года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У ходзе размовы з журналістамі былі закрануты пытанні войнаў у розных частках свету, дыскусіі вакол адгартацыі Fiducia Supplicans, тэма будучых падарожжаў і выклікаў штучнага інтэлекту. Пантыфік падзяліўся ўспамінамі пра канклаў 2013 года, на якім быў абраны Наступнікам святога Пятра.

Войны ў Святой Зямлі і ва Украіне

Значная частка інтэрв’ю была прысвечана ўзброеным канфліктамі, у прыватнасці на Блізкім Усходзе. Папа заўважыў, што ён супраць ужывання ў адносінах да вайны паняцця “справядлівая” і аддае перавагу таму, каб гаварыць пра права на самаабарону, пазбягаючы “апраўдання войнаў, якія заўсёды застаюцца памылковымі”. Ён прызнаўся, што баіцца ваеннай эскалацыі, але захоўвае надзею, бо “адбываюцца не публічныя сустрэчы з мэтай паспрабаваць прыйсці да пагаднення”. “Перамір’е было б добрым вынікам”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак назваў “ключавой фігурай” кардынала П’ербатысту Піцабала, які намагаецца выконваць ролю пасрэдніка. Ён згадаў пра свае штодзённыя кантакты па відэасувязі з каталіцкай парафіяй у Газе, а таксама назваў прыярытэтам “вызваленне ізраільскіх заложнікаў”. На думку Папы, без існавання дзвюх дзяржаў – ізраільскай і палесцінскай – мір будзе далёкім.

Гаворачы пра вайну ва Украіне, Пантыфік падкрэсліў, што “Апостальская Сталіца спрабуе пасрэднічаць для абмену палоннымі і вяртання ўкраінскіх грамадзянскіх асоб”. У прыватнасці ідзе праца разам з Упаўнаважанай пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі па правах дзіцяці адносна рэпатрыяцыі ўкраінскіх дзяцей, якія былі прымусова вывезены ў Расію. “Некаторыя ўжо вярнуліся ў свае сем’і”, - сказаў Папа.

Дэкларацыя Fiducia Supplicans

Падчас інтэрв’ю закраналася тэма благаслаўлення нерэгулярных пар, якой была прысвечана нядаўняя дэкларацыя Дыкастэрыі Веравучэння Fiducia Supplicans. Пантыфік нагадаў, што “Хрыстус кліча кожнага ў душы”. “Евангелле – для асвячэння ўсіх. Вядома, пры ўмове, што ёсць добрая воля”, - сказаў ён, нагадваючы, што ў дэкларацыі гаворка ідзе пра благаслаўленне людзей, а не іх саюзаў. “Грэшнікамі з’яўляемся мы ўсе: для чаго тады складаць спіс грэшнікаў, якія могуць увайсці ў Касцёл, і спіс грэшнікаў, якія не могуць быць у Касцёле. Гэта – не Евангелле”, - сцвердзіў Францішак.

Папа мяркуе, што “тыя, хто рэзка пратэстуе” супраць дакумента, “належаць да невялікіх ідэалагічных груп”. Асобным выпадкам ён назваў сітуацыю ў Афрыцы, дзе гомасексуальнасць не талеруецца з культурнага пункту гледжання. У цэлым Францішак спадзяецца, што “паступова ўсе супакояцца адносна духа дэкларацыі”, якая “накіравана на ўключэнне, а не на раздзяленне”. “Яна запрашае прымаць, а потым давяраць Богу і давяраць Яму людзей”, - дадаў ён.

Францішак прызнаўся, што часам адчувае сябе самотным, але працягвае ісці наперад і не баіцца расколаў. “У Касцёле заўсёды былі невялікія групы, якія выказвалі меркаванні схізматычнай афарбоўкі... Мы павінны дазволіць ім рабіць гэта”, - лічыць Святы Айцец.

Штучны інтэлект

Закранаючы тэму свайго паслання на Сусветны дзень міру, прысвечанага штучнаму інтэлекту, Папа адзначыў, што гаворка ідзе пра “цудоўны крок наперад, які зможа вырашыць многія праблемы, але патэнцыйна, калі ўжывацца без этыкі, можа таксама прычыніць шмат зла чалавеку”. Мэтай павінна быць выкарыстанне штучнага інтэлекту “ў гармоніі з чалавечай годнасцю”, бо інакш гэта “будзе самагубства”.

Бліжэйшыя падарожжы

Святы Айцец распавёў, што на працягу бліжэйшага года плануе наведаць Бельгію, Усходні Тымор, Папуа-Новую Гвінею і Інданезію. Разглядаецца таксама магчымасць падарожжа ў Аргенціну. Папа заўважыў, што сустрэнецца з новым аргенцінскім лідарам Хаўерам Мілеем, адразу пасля кананізацыі благаслаўлёнай Марыі Антоніі дэ Сан-Хасэ, вядомай як Мама Антула, якая пройдзе 11 лютага 2024 года ў Ватыкане.

“Патрэбны такі Папа, як ты!”

Напрыканцы інтэрв’ю Пантыфік падзяліўся ўспамінамі пра канклаў, на якім быў абраны Наступнікам святога Пятра. Ён заўважыў, што пасля яго выступлення на генеральнай кангрэгацыі, “выбухнулі апладысменты, нечуваныя ў такім кантэксце”. “Але я абсалютна не прадчуваў таго, што многія мне потым адкрылі: гэта прамова стала маім “прысудам”. Калі я выходзіў з Сінадальнай залы мяне ўбачыў адзін англамоўны кардынал і ўсклікнуў: “Тое, што ты сказаў – цудоўна! Цудоўна! Патрэбны такі Папа, як ты! Але я не заўважаў, што разгортвалася кампанія па маім абранні”, - прызнаўся Францішак. Святы Айцец здагадаўся, што “адбываецца нешта дзіўнае”, калі падчас абеду ў Доме святой Марты, за некалькі гадзін да вырашальнага галасавання, яму задалі некалькі “падазроных пытанняў”. “Тым не менш я здолеў зрабіць сіесту”, - сказаў ён, дадаючы, што пасля абрання Папам меў дзіўны спакой у душы.

Францішак прызнаўся, што адчувае сябе пробашчам “вельмі вялікай, планетарнай” парафіі і яму падабаецца захоўваць такі дух, быць сярод людзей, дзе ён заўсёды знаходзіць Бога.
 

29 студзеня 2024, 10:38