Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік запэўніў у блізкасці вернікаў Святой Зямлі

Францішак скіраваў ліст да католікаў усіх абрадаў, якія пражываюць у Святой Зямлі, выказваючы ім сваю блізкасць, любоў і падтрымку, асабліва тым, хто пакутуе аб абсурднай драмы вайны.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Дзякую за ваша сведчанне веры, дзякую за любоў, якая ёсць паміж вамі, дзякую за тое, што ўмееце спадзявацца насуперак усякай надзеі”, - напісаў Пантыфік у сваіх віншаваннях з нагоды Вялікадня, які адна частка вернікаў рэгіёна будзе адзначаць па грыгарыянскім календары, 31 сакавіка, а другая – па юліянскім, 5 мая.

Папа запэўніў у сваёй штодзённай малітве і бацькоўскай любові вернікаў, звяртаючыся да тых, хто ў гэтыя месяцы “церпіць найбольшы боль з прычыны абсурднай драмы вайны, да дзяцей, якіх пазбаўляюць будучыні”, да тых, хто “плача і пакутуе”, адчувае “трывогу і разгубленасць”.

Францішак заўважыў, што Святая Зямля не толькі захоўвае месцы, звязаныя з гісторыяй Збаўлення, але таксама “праз уласныя пакуты” з’яўляецца пастаянным сведчаннем мукі Пана, а разам з тым, Яго ўваскрасення.

“У гэтыя цёмныя часы, калі здаецца, што цемра Вялікай пятніцы пакрывае вашу Зямлю і занадта многія часткі свету знявечаны бессэнсоўным вар’яцтвам вайны, якая заўсёды і для ўсіх з’яўляецца крывавай паразай, вы – паходні, запаленыя ўначы; вы – зерні дабра ў зямлі, разарванай канфліктамі”, - напісаў Пантыфік.

Святы Айцец запэўніў у малітве аб вызваленні сэрцаў людзей ад нянавісці, гвалту і помсты, просячы Бога, каб не дазволіў скрасці надзею на ўваскрасенне разам з Ім і каб не стамляліся бараніць годнасць кожнага чалавека, незалежна ад яго рэлігійнай, этнічнай ці нацыянальнай прыналежнасці, асабліва найбольш уразлівых: жанчын, пажылых, малых і бедных.

Папа заклікаў католікаў Святой Зямлі ўзрастаць у адзінстве паміж сабой і з вернікамі іншых канфесій, якіх таксама запэўніў у духоўнай блізкасці і падтрымцы. Ён заахвоціў усіх хрысціян у свеце канкрэтным чынам падтрымліваць вернікаў рэгіёна і маліцца аб тым, каб на гэтай зямлі як мага хутчэй наступіў мір.
 

27 сакавіка 2024, 12:24