Пошук

Падчас Сінода на тэму моладзі Падчас Сінода на тэму моладзі  (ANSA)

Папа напісаў да моладзі ў 5-годдзе выхаду Christus Vivit

Хрыстус жыве і хоча, каб вы жылі! – так пачынаецца пасланне Папы да моладзі, якое ён прымеркаваў да 5-годдзя выхаду адгартацыі Christus Vivit – плёну Сінода, які прайшоў на тэму: Моладзь, вера і распазнанне паклікання.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак заклікаў сваіх чытачоў: “Шуміце, крычыце не столькі голасам, колькі жыццём і сэрцам гэтую ісціну: Хрыстус жывы! Каб увесь Касцёл акрыяў духам, каб зноў і зноў рушыць у дарогу і несці Яго пропаведзь ўсяму свету”.

На думку Святога Айца, сучасны малады чалавек выключна ў святле прысутнасці Хрыста можа мець мужнасць захоўваць памяць пра мінулае і ў той жа час “мець адвагу жыць сучаснасцю і глядзець у будучыню з надзеяй”. “Вы зможаце свабодна браць на ўзбраенне гісторыю сваіх сем'яў, сваіх дзядоў, бацькоў, рэлігійныя традыцыі сваіх краін, каб заставацца будаўнікамі заўтрашняга дня, “стваральнікамі” будучыні”, - заўважыў Пантыфік у тэксце, апублікаваным 25 сакавіка 2024 года.

Францішак нагадаў, што “адгартацыя Christus vivit з’яўляецца плёнам Касцёла, які хоча ісці разам і таму слухае, вядзе дыялог і пастаянна распазнае волю Пана”. Менавіта таму на гэтым новым этапе касцёльнага шляху як ніколі патрэбна крэатыўнасць маладога пакалення.

“Дарагая моладзь, вы – жывая надзея пілігрымуючага Касцёла! Таму дзякую вам за вашу прысутнасць і ўклад у жыццё Цела Хрыстовага. І заклікаю вас: ніколі не дазваляйце нам сумаваць дзякуючы вашаму добраму шуму, вашай энергіі, падобнай да энергіі чыстага і эфектыўнага рухавіка, вашаму арыгінальнаму спосабу жыцця і абвяшчэння радасці ўваскрослага Езуса! Вось аб чым я малюся; і вы таксама, калі ласка, маліцеся за мяне”, - прызнаўся Папа, завяршаючы сваё пасланне.
 

25 сакавіка 2024, 12:27