Папа ўдзячны Касцёлу ў Валенсіі за гатоўнасць прыняць мігрантаў
Гаворка ідзе пра 629 асобаў, сярод якіх каля 130 непаўналетніх без суправаджэння дарослых, 11 маленькіх дзяцей і 7 цяжарных жанчын. Большую частку гэтых людзей выратавалі ў водах Лівіі. Яны былі падабраны італьянскімі вайсковымі караблямі, караблямі берагавой аховы і гандлёвымі судамі, а затым перасаджаны на “Aquarius”, які прыналежыць дабрачыннай арганізацыі “SOS Méditerranée”.
Пасля таго як італьянскія і мальтыйскія ўлады адмовіліся прымаць судна з выратаванымі мігрантамі ў сваіх портах, зрабіць гэта пагадзілася Іспанія, адкрыўшы для яго порт Валенсіі. Чакаецца, што “Aquarius” прыбудзе ў яго раніцай 17 чэрвеня. Мясцовая архідыяцэзія неадкладна стварыла крызісны штаб, які будзе каардынаваць дапамогу Касцёла людзям, што знаходзяцца на борце гэтага карабля.
Кардынал Канізарэс сустракаўся з Францішкам некалькі дзён таму ў Ватыкане. У звароце да вернікаў ён падкрэсліў, што Святы Айцец быў глыбока ўзрушаны ўчынкам іспанцаў. Ён падзякаваў усёй Валенсійскай архідыяцэзіі за велікадушнасць, з якой яны адрэагавалі на цяжкую сітуацыю, што ўзнікла, а таксама за прыклад любові да бедных людзей.