Сустрэча Папы з прадстаўнікамі Асамблеі ініцыятыў дапамогі Усходнім Касцёлам Сустрэча Папы з прадстаўнікамі Асамблеі ініцыятыў дапамогі Усходнім Касцёлам 

Папа: захаваць прысутнасць хрысціян на Блізкім Усходзе

Захаваць хрысціянскую прысутнасць на Блізкім Усходзе заклікаў Папа прадстаўнікоў Асамблеі ініцыятыў дапамогі Усходнім Касцёлам (ROACO), якіх прыняў 22 чэрвеня 2018 г. на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Сустрэча была прымеркавана да 50-годдзя гэтага аб’яднання дабрачынных арганізацый. Яна стала кульмінацыяй пленарнага пасяджэння структуры, якое праходзіла ў Генеральнай курыі Таварыства Езуса ў Рыме. Святы Айцец ўручыў сваім гасцям надрукаваны тэкст прамовы, якая была падрыхтавана загадзя, і звярнуўся да іх са шчырымі словамі, выказваючы асабістую заклапочанасць сітуацыяй на Блізкім Усходзе.

“Асамблея ініцыятыў дапамогі Усходнім Касцёлам з’яўляецца вельмі важнай. Блізкі Усход сёння – гэта скрыжаванне складаных, балючых сітуацый. Акрамя таго, на Блізкім Усходзе існуе пагроза – я не хачу казаць жаданне кагосьці, – пагроза знішчэння хрысціян. Блізкі Усход без хрысціян не будзе Блізкім Усходам”, - сцвердзіў Пантыфік.

Паводле Папы, міжнародная супольнасць недастаткова хвалюецца за культуру, веру і жыццё людзей ў гэтым рэгіёне. Хоць і гаворыцца аб павазе да мясцовых хрысціян, але факты сведчаць пра адваротнае – хрысціян на Блізкім Усходзе становіцца ўсё менш.

У гэтым кантэксце, на яго думку, праца каталіцкіх дабрачынных арганізацый з’яўляецца фундаментальнай. Францішак заклікаў захаваць хрысціянскую прысутнасць у гэтай “калысцы хрысціянства”, якая дала шматлікіх святых, тэолагаў, духоўных настаўнікаў і Айцоў Касцёла.

Святы Айцец звярнуў увагу на некаторыя грахі, ад якіх пакутуюць людзі на Блізкім Усходзе. У першую чаргу, гэта прага ўлады і войнаў, якая не толькі сее смерць, але прыводзіць да знішчэння сістэмы адукацыі і аховы здароўя. Іншы грэх – гэта неадпаведнасць паміж верай і жыццём некаторых прадстаўнікоў Касцёла, якія прапаведуюць беднасць, а самі жывуць у багацці. Папа заклікаў гэтых людзей навярнуцца і думаць, у першую чаргу, пра сваіх братоў і сясцёр.

У тэксце прамовы, якую ён уручыў прадстаўнікам Асамблеі, гаворка ішла пра ўклад гэтай дабрачыннай арганізацыі на карысць хрысціянскіх супольнасцяў у рэгіёнах, якія пакутавалі і пакутуюць ад антырэлігійнага пераследу і канфліктаў.

Папа заўважыў, што Усходнія Касцёлы з’яўляюцца жывымі сведкамі “апостальскіх вытокаў” і таму асаблівым чынам пакліканы захоўваць і распаўсюджваць ззянне полымя Пяцідзесятніцы, “штодня нанова адкрываючы сваю прароцкую прысутнасць у кожным месцы, у якім пілігрымуюць”.

Ён звярнуў асаблівую ўвагу на сітуацыю ў Іерусаліме, “выключная тоеснасць і пакліканне якога павінны быць захаваны, дзе, нягледзячы на рознага кшталту напружанасць і палітычныя спрэчкі, прысутнасць хрысціян, хоць бы і маленькага статка, які чэрпае з Духа моц для місіі сведчання, сёння як ніколі патрэбна”.

Асамблея ініцыятыў дапамогі Усходнім Касцёлам аб’ядноўвае шэраг дабрачынных фондаў і займаецца размеркаваннем паміж каталіцкімі супольнасцямі ўсходняга абраду фінансавых сродкаў, накіраваных на падтрымку і развіццё літургічнай, душпастырскай, адукацыйнай, сацыяльнай дзейнасці. 

Навіна ў фармаце аўдыё
22 чэрвеня 2018, 14:39