Лагатып V Амерыканскага місійнага кангрэса Лагатып V Амерыканскага місійнага кангрэса 

Святы Пасад: на чале місійнага Касцёла павінен стаяць Езус

Місійны Касцёл павінен падыходзіць да рашэння праблем асобных людзей і грамадства згодна не з матэматычнай, а хрыстацэнтрычнай логікай, падкрэсліў кардынал Фернанда Філоні.

У інтэрв’ю ватыканскай газеце “L’Osservatore Romano” прэфект Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў падвёў вынікі V Амерыканскага місійнага кангрэса, у якім прымаў удзел у якасці спецыяльнага папскага легата.

Лейтматывам форуму стаў акцэнт на Езусе як цэнтры місійнай дзейнасці, пра што, на думку пурпурата, вельмі важна памятаць, каб пазбегнуць падмены місійнасці паняццем прадуктыўнасці.

“Такое ўражанне, што сёння ў аснове ўсяго ляжаць алгарытмы. Але не варта кіравацца халоднасцю логікі, у якой праблемы вырашаюцца шляхам падлікаў. Патрэбна логіка, якая ставіць у цэнтры асобу Езуса”, - заўважыў ватыканскі іерарх.

“[Праблемы, з якімі сутыкаемся, павінны даручацца не паслядоўнасці лічбаў, але душы, духу, Божай ласцы. Калі нам як Касцёлу не будзе гэтага хапаць, мы рызыкуем згубіць сутнасць евангелізацыі]”

, - дадаў кардынал Філоні.

Ён адзначыў, што сапраўдным маяком і натхняючым імпульсам для працы Амерыканскага місійнага кангрэса стала вучэнне папы Францішка, яснае з самага пачатку яго пантыфікату: Касцёл не Касцёл, калі не евангелізуе і не з’яўляецца місійным.

Пры гэтым дыскусіі ў рамках кангрэса паказалі, што амерыканскі кантынент для місійнага Касцёла ўяўляе бязмежнае поле для працы. Удзельнікі форуму казалі пра глыбокі крызіс сям’і ў Амерыцы, пра насілле і пагарду ў адносінах да дару жыцця, парушэнне правоў чалавека і згубнае панаванне эканамічных інтарэсаў над асобай і навакольным асяроддзем. Уздымаліся праблемы сацыяльнай несправядлівасці, недастатковай салідарнасці, эксплуатацыі зямлі і карэнных народаў рэгіёну, насілля ў адносінах да жанчын і дзяцей, секулярызацыі і філасофіі рэлятывізму, міграцыі.

Вынікам працы кангрэса стаў спіс з 11 аператыўных прапаноў, якія ўдзельнікі сустрэчы пажадалі ўнесці ў яе заключны дакумент. Іх змест, сказаў кардынал Філоні, базуецца на трох прынцыпова важных аспектах.

Па-першае, місійны Касцёл павінен вызнаваць першынство Езуса і Яго вучэння; у адваротным выпадку, яго дзейнасць звядзецца да філантропіі. Па-другое, перавага павінна аддавацца фізічным і экзістэнцыяльным перыферыям, якіх так шмат у Амерыцы. Па-трэцяе, мясцовыя Касцёлы павінны браць адказнасць за саміх сябе.

“Падумаем пра Амазонію, - прывёў прыклад іерарх. - Гэта важная місійная свядомасць. Азначае, што і на амерыканскім кантыненце ўзрастае салідарная ўзаемная адказнасць паміж касцёламі (...) Большасць касцёльных раёнаў у Амазоніі і сумежных з ёй тэрыторыях ужо з’яўляюцца апостальскімі вікарыятамі, а значыць, з’яўляюцца касцёламі, якія ўзбуйняюцца, фарміруюцца. У сувязі з гэтым мы маем патрэбу ў калектыўнай працы, якая б дапамагла рэгіёну набыць свае адметныя рысы і рабіць унёсак дзякуючы ўласным здольнасцям”.

Прэфект Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў прызнаў, што ўскладае вялікія спадзяванні на Панамазонскі Сінод Біскупаў, які пройдзе ў кастрычніку 2019 г., калі, згодна з пажаданнем папы Францішка, Касцёл будзе перажываць Надзвычайны місійны месяц. Гэтыя падзеі павінны даць новы штуршок для развіцця місійнага аблічча Касцёла ў Амерыцы.

Навіна ў фармаце аўдыё
19 ліпеня 2018, 14:23