СДМ-2019: вызначана галоўная пляцоўка і абвешчаны кінаконкурс
Як паведаміў арганізацыйны камітэт хрысціянскага форуму, па выніках кансультацый з біскупскімі канферэнцыямі шэрагу краін было вырашана, што тэрыторыя гэтай зоны дастатковая, каб прыняць шматлікіх удзельнікаў мерапрыемства.
Абранае месца ўжо агледзелі спецыялісты Ватыканскай жандармерыі і заключылі, што яно дазваляе гарантаваць бяспеку Святога Айца і, да таго ж, адпавядае пажаданням Пантыфіка, схільнага да прастаты і сціпласці.
Такім чынам, у гарадской прыбярэжнай зоне “Cinta Costera” пройдуць галоўныя падзеі СДМ-2019, у тым ліку заключная св. Імша, у якой, па папярэдніх ацэнках арганізатараў, возьмуць удзел каля 375 тыс. чалавек з усяго свету.
Адначасова з рашэннем шэрагу арганізацыйна-тэхнічных пытанняў, у розных частках свету запускаюцца творчыя ініцыятывы, накіраваныя на актыўнае залучэнне хрысціянскай моладзі да ўдзелу ў праектах евангелізацыйнага характару, якія стануць часткай праграмы сустрэчы ў Панаме.
Так, напярэдадні моладзевага форуму амерыканская кінашкола “Goodness Reigns” аб’явіла конкурс кароткаметражных фільмаў “Падзяліся гісторыяй” (Share the Story). Згодна з умовамі творчага спаборніцтва, відэа павінны мець працягласць не больш за 7 хвілін і быць натхнёныя Евангеллем, прыкладамі святых, сведчаннямі хрысціянскіх місіянераў або пытаннямі сацыяльнай справядлівасці.
Конкурсныя працы будуць разглядацца ў рамках узроставых і тэматычных катэгорый. Пераможца ў кожнай атрымае грашовую прэмію ў памеры 1 тыс. долараў. Асобныя фільмы будуць паказаны непасрэдна на моладзевым форуме.
Сусветныя дні моладзі ў Панаме пройдуць 22-27 студзеня 2019 г. пад дэвізам “Вось я, слуга Пана, няхай мне станецца паводле Твайго слова” (Лк 1, 38). Папярэднічаць ім будуць Дні ў дыяцэзіях, якія адбудуцца з 17 па 21 студзеня 2019 г. у Панаме, Коста-Рыцы і Нікарагуа.