Перадача рэліквіі бл. Оскара Рамэра Касцёлу ў Панаме Перадача рэліквіі бл. Оскара Рамэра Касцёлу ў Панаме 

Арцыбіскуп Рамэра будзе апекуном СДМ-2019

Благаслаўлёны Оскар Арнульфа Рамэра-і-Гальдамес, кананізацыя якога пройдзе ў кастрычніку ў Ватыкане, стане адным з апекуноў бліжэйшых Сусветных дзён моладзі.

У Панаму, дзе ў студзені 2019 г. адбудзецца буйнейшы каталіцкі моладзевы форум, ужо была дастаўлена рэліквія будучага святога. Пастыр мясцовага Касцёла, арцыбіскуп Хасэ Дамінга Улоа Мэндзіета, атрымаў яе з рук пастулятара кананізацыйнага працэсу, сальвадорскага святара, кс. Рафаэля Урыція.

Гаворка ідзе пра маленькі фрагмент рэбярной косткі бл. Оскара Рамэра, якая была вынята падчас аўтапсіі пасля яго забойства ў 1980 г. Яна стала першай рэліквіяй будучага святога, якая пакінула тэрыторыю Сальвадора. Вернікі змогуць памаліцца каля яе ў панамскім катэдральным касцёле, які ў ходзе свайго візіту на Сусветныя дні моладзі наведае Францішак.

Цэнтральныя падзеі Сусветных дзён моладзі пройдуць 22-27 студзеня 2019 г. Іх дэвізам будуць словы Панны Марыі: “Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова” (Лк 1, 38). Для ўдзелу ў форуме зарэгіставалася каля 600 тыс. чалавек з Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі, а таксама шматлікія дэлегацыі з Еўропы, Афрыкі, Акіяніі і Азіі.

Арцыбіскуп Сан-Сальвадора Оскар Арнульфа Рамэра-і-Гальдамес вядомы як мужны пастыр і абаронца бедных. Ён быў беатыфікаваны ў маі 2015 г. у горадзе Сан-Сальвадор, дзе выконваў сваё пастырскае служэнне і дзе быў забіты з нянавісці да веры падчас св. Імшы, якую цэлебраваў у мясцовым шпіталі.

Аб кананізацыі арцыбіскупа Рамэра Францішак абвясціў падчас Звычайнага публічнага кансісторыя па кананізацыйных справах, які прайшоў у Ватыкане 19 мая 2018 г.

Навіна ў фармаце аўдыё


 

03 жніўня 2018, 15:24