Кардынал Даніэль Дзінарда, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў ЗША Кардынал Даніэль Дзінарда, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў ЗША 

Епіскапат ЗША: гэта маральная катастрофа

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Злучаных Штатаў будзе прасіць Святы Пасад правесці Апостальскую візітацыю ў сувязі з скандаламі, звязанымі з злоўжываннямі духавенства.

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Злучаных Штатаў будзе прасіць Святы Пасад правесці Апостальскую візітацыю ў сувязі з скандалам, звязаным з сітуацыяй вакол былога арцыбіскупа Вашынгтонскага Тэадора МакКарыка, і з дакладам, прадстаўленым Вялікім журы прысяжных Пенсільваніі. Аб гэтым паведаміў у спецыяльнай заяве кардынал Даніэль Дзінарда.

У шасці з васьмі каталіцкіх дыяцэзіях, якія існуюць у амерыканскім штаце, 301 каталіцкі святар учыніў на працягу апошніх 70 гадоў сексуальныя злоўжыванні адносна больш тысячы дзяцей. Супраць арцыбіскупа-эмерыта Вашынгтонскага МакКарыка прад’яўлены абвінавачванні ў сексуальных злоўжываннях адносна непаўналетняга мужчыны 45 гадоў таму, калі іерарх быў святаром у Нью-Ёрку.

“[Мы маем справу з духоўным крызісам, які патрабуе не толькі духоўнага навяртання, але і практычных змен, каб пазбегнуць паўтарэння грахоў і няўдач мінулага]”

, - лічаць амерыканскія біскупы.

Пастаянны камітэт епіскапату ЗША паставіў тры мэты: следства, звязанае з арцыбіскупам МакКарыкам; адкрыццё новых і канфідэнцыйных каналаў для паведамлення скарг адносна біскупаў; рэкамендацыі для эфектыўнага вырашэння будучых скарг.

 

Гэтыя мэты будуць ажыццяўляцца па трох крытэрыях: незалежнасць: выключэнне любога ціску з боку біскупаў; дастатковая ўлада: толькі Папа можа вызваліць біскупа ад пасады або накладаць пакаранне; удзел кампетэнтных свецкіх вернікаў.

Кардынал Дзінарда запэўнівае, што праца па рэалізацыі гэтых мер ужо пачалася, а ўвесь план будзе прадстаўлены біскупам у лістападзе, падчас восеньскай пленарнай сесіі епіскапату.

Акрамя таго, старшыня Канферэнцыі Біскупаў адправіцца ў Рым, каб прадставіць запланаваную стратэгію на ўзроўні Святога Пасаду.

“[Галоўнай мэтай гэтых мер з’яўляецца ўзмацненне абароны ад гіен у Касцёле і ўсіх тых, хто іх хавае, абарона, якая забяспечыць біскупам высокія стандарты празрыстасці і падсправаздачнасці]”

, - заявіў кардынал Дзінарда.

Спасылаючыся на справу арцыбіскупа МакКарыка, 27 ліпеня пазбаўленага членства ў Калегіі кардыналаў, старшыня епіскапату ЗША анансаваў свой зварот да Святога Пасаду аб правядзенні Апостальскай візітацыі.

“У рэшце рэшт, я хацеў бы выказаць шкадаванне і пакорліва прасіць прабачэння за тое, што зрабілі мае браты біскупы і я, і таксама за тое, што мы не рабілі”, - гаворыцца ў паведамленні кардынала Дзінарда.

Іерарх прызнае, што асноўнымі прычынамі гэтых злачынстваў з’яўляюцца балючыя недахопы ў ажыццяўленні біскупскай улады. “У выніку, дзесяткі дарагіх дзяцей Божых былі вымушаны сутыкнуцца са злоўжываннем уладай у адзіночку. Гэта маральная катастрофа. Часткай гэтай катастрофы з’яўляецца і тое, што многія верныя святары, якія імкнуцца да святасці і сумленнасці ў служэнні, заплямлены гэтай паразай”, - напісаў старшыня епіскапату ЗША.

“Мы цвёрда вырашылі, з дапамогай ласкі Божай, што гэта ніколі не паўторыцца. У мяне няма ніякіх ілюзій наконт таго, наколькі давер да біскупаў быў разбураны грахамі і паразамі мінулага. Трэба прыкласці шмат працы, каб аднавіць гэты давер”, - падкрэсліў кардынал Дзінарда.

Навіна ў фармаце аўдыё
17 жніўня 2018, 14:09