Касцёл у Лацінскай Амерыцы рыхтуецца да Сінода
Форум праходзіў 6-10 жніўня 2018 г. у Багаце. Іерархі абмеркавалі тэму будучага Сінода – “Моладзь, вера і распазнанне паклікання” – разам з 40 юнакамі і дзяўчатамі, засяродзіўшыся на спецыфічных праблемах краін Паўднёвай Амерыкі і прааналізаваўшы дадзеныя адпаведнага апытання, якое на працягу некалькіх апошніх месяцаў праводзілася ў краінах рэгіёна.
У справаздачы сустрэчы адзначаецца, што для біскупаў яна стала вельмі карыснай, дазволіўшы лепш зразумець рэальнасць сучаснай моладзі. Гаворка ішла пра пытанні, звязаныя з перадачай веры, місійным характарам Касцёла, а таксама актуальнымі сацыяльнымі праблемамі, сярод якіх насілле, наркагандль, алкагалізм, прастатытуцыя і міграцыя.
“Гэта быў каштоўны час ласкі – мець магчымасць падзяліцца з іншымі біскупамі, якія накіруюцца на Сінод, ідэямі, якія былі распрацаваны ў розных краінах”, - падкрэсліў біскуп Мойзэш Аціша, пастыр чылійскай дыяцэзіі Сан-Маркас і старшыня мясцовай Нацыянальнай камісіі душпастырства моладзі.
Паводле іерарха, удзельнікі сустрэчы ў Багаце змаглі параўнаць як моладзь бачыць Касцёл у розных часткай лацінаамерыканскага рэгіёна. У той жа час звярталася ўвага на цяжкасці, якія існуюць у разуменні ўсёй рэчаіснасці моладзі і суправаджэнні яе на шляху распазнання паклікання.
“Нам дае сілы і надзею той факт, што мы маем супольнае жаданне, якое заключаецца ў тым, каб дазволіць працаваць Святому Духу, разам глядзець куды вядзе нас гэты час і лёс касцёльнай супольнасці, а таксама адкрыць патрэбу ў тым, каб слухаць, суправаджаць і прысутнічаць сярод моладзі”, - дадаў іерарх.
Сінод Біскупаў на тэму “Моладзь, вера і распазнанне паклікання” пройдзе ў Ватыкане 3-28 кастрычніка 2018 г. Папа Францішак заклікаў маладых людзей прыняць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да асамблеі.