Кардынал Дзяржсакратар здзейсніў візіт у Малдову
Першым пунктам праграмы падарожжа бліжэйшага супрацоўніка Папы стала сустрэча з Прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам і іншымі прадстаўнікамі вышэйшай дзяржаўнай улады. Затым іерарх адведаў сталоўку для бедных пад назвай “Папа Францішак”, якой кіруе каталіцкі дабрачынны фонд “Regina Pacis”.
У першы дзень свайго візіту кардынал Паралін прыняў удзел у Сусветным кангрэсе сем’яў, які праходзіў у Кішынёве, і звярнуўся да яго ўдзельнікаў з прамовай. Вечарам, у мясцовым катэдральным касцёле, ён узначаліў св. Імшу падзякі за 25 гадоў прысутнасці Каталіцкага Касцёла ў Малдове.
У нядзелю, 16 верасня, высокі ватыканскі іерарх цэлебраваў Эўхарыстыю ў касцёле горада Ціраспаль, які на цяперашні час з’яўляецца сталіцай самаабвешчанай і непрызнанай міжнароднай супольнасцю Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі, дзе асвяціў новы алтар. У той жа дзень Дзяржсакратар Яго Святасці Папы вярнуўся ў Рым.
Афіцыйныя структуры Каталіцкага Касцёла на тэрыторыі Рэспублікі Малдова ўзніклі на пачатку 1990-х гадоў. 23 мая 1992 г. былі ўстаноўлены дыпламатычныя адносіны паміж Святым Пасадам і гэтай краінай. Праз год св. Ян Павел ІІ заснаваў Апостальскую адміністратуру Малдовы, якая ў 2001 г. была ператворана ў Кішынёўскую дыяцэзію. Яе пастырам з’яўляецца 56-гадовы біскуп Антон Коша. Католікі складаюць каля 0,5% насельніцтва Малдовы.