Пантыфік пра беатыфікацыю “румынскай Марыі Гарэці”
“22 верасня ў Нямцы, у Румыніі, будзе беатыфікавана Вераніка Анталь, свецкая верніца з Трэцяга францішканскага ордэна, забітая “з нянавісці да веры” ў 1958 г. Узнясём падзяку Богу за гэту адважную жанчыну, якая аддаючы сваё жыццё, дала сведчанне сапраўднай любові да Бога і братоў”, - сказаў Папа.
Вераніка Анталь нарадзілася ў 1935 г. у сялянскай сям’і. У шаснаццацігадовым узросце спрабавала ўступіць у манаскую супольнасць, але гэтаму перашкодзіла ўстанаўленне камуністычнай улады ў Румыніі і звязанае з гэтым закрыццё кляштараў. Дзяўчына вырашыла жыць як законніца ў сябе дома і служыць у парафіі. Яна далучылася да Трэцяга францішканскага ордэна і патаемна склала абяцанне чыстасці.
Вечарам 24 жніўня 1958 г., вяртаючыся з касцёла, які знаходзіўся на адлегласці васьмі кіламетраў ад яе дома, Вераніка Анталь падверглася спробе згвалтавання. Злачынца забіў яе з асаблівай жорсткасцю. Мёртвую Вераніку знайшлі на наступны дзень у полі мясцовыя сяляне. У руках яна трымала ружанец. У апошнія дні перад смерцю дзяўчына чытала кнігу пра св. Марыю Гарэці, італьянскую верніцу, якая загінула, баронячы сваю чыстасць.
У 2003 г. пачаўся працэс беатыфікацыі Веранікі Анталь, а 26 студзеня 2018 г. Францішак ухваліў дэкрэт аб прызнанні яе мучаніцтва.