У Рыме абраны новы Генеральны настаяцель Ордэна капуцынаў
Новым кіраўніком Ордэна, які налічвае больш за дзесяць тысяч членаў ва ўсім свеце, стаў 57-гадовы італьянец, брат Рабэрта Джэнуін. Ён быў абраны ў першым туры галасавання, якое адбылося 3 верасня 2018 г. За новаабранага настаяцеля аддалі свае галасы 101 з 188 удзельнікаў Генеральнага капітула.
Брат Рабэрта Генуін паходзіць з паўночнаітальянскага горада Фалькадэ, які знаходзіцца недалёка ад Венецыі. У часе фармацыі абараніў доктарскую дысертацыю па кананічным і грамадзянскім праве ў Папскім латэранскім універсітэце. Займаўся выкладчыцкай дзейнасцю. На працягу дзевяці гадоў быў настаяцелем супольнасці братоў капуцынаў у рэгіёне Трывэнета. Да абрання кіраўніком Ордэна з’яўляўся настаяцелем кляштара ў Ровэрэта.
Генеральны капітул Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў праходзіць у Міжнародным калегіуме св. Ларэнца Брындызійскага ў Рыме з 27 жніўня па 16 верасня 2018 г. Падобныя сходы, на якія з’язджаюцца дэлегаты Ордэна з усяго свету, адбываюцца кожныя шэсць гадоў. На іх законнікі дзеляцца досведам, вырашаюцца найбольш актуальныя пытанні Ордэна, выбіраюць новае кіраўніцтва. У сёлетнім капітуле прымае ўдзел таксама кіраўнік Беларускай кустодыі брат Алег Шэнда.
На працягу мінулых шасці гадоў Генеральным настаяцелем Ордэна капуцынаў быў швейцарскі законнік, брат Маўра Ёры.