Пошук

Зняволеныя будуюць канфесіяналы для СДМ-2019 Зняволеныя будуюць канфесіяналы для СДМ-2019 

Панамскія зняволеныя ствараюць канфесіяналы для СДМ-2019

250 канфесіяналаў для XXXIV Сусветных дзён моладзі пабудуюць па ўласнай ініцыятыве зняволеныя панамскіх турмаў “Ла Хойя” і “Нуэва Хойя”. Адпаведная праца ўжо распачалася.

Канфесіяналы будуць усталяваныя ў самым вялікім парку горада Панама – “Omar Recreation Park”, які ў сувязі са сваім прызначэннем на час правядзення СДМ-2019 атрымае назву “Парк прабачэння”. Менавіта там шматлікія пілігрымы змогуць прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання.

Штодня над стварэннем канфесіяналаў – зборкай, шліфоўкай, пафарбоўкай і аздабленнем – працуюць 35 зняволеных. Дызайнерам Лілібэт Бэнэт былі распрацаваны дзве мадэлі канфесіяналаў, абедзве натхнёныя формамі і колерамі лагатыпу СДМ-2019.

Па словах саміх зняволеных, гэта не проста “звычайная праца з дрэвам”, але іх унёсак у ініцыятыву, накіраваную на тое, каб маладыя людзі змаглі пайсці новай дарогай, адрознай ад той, якой яны ішлі раней.

У сваю чаргу, прадстаўнікі кіраўніцтва турмаў упэўненыя, што праца такога роду дазваляе прадэманстраваць здольнасці зняволеных і даць ім магчымасць адчуць сваё дачыненне да арганізацыі маштабнага малітоўнага мерапрыемства і духоўную лучнасць з яе ўдзельнікамі.

XXXIV Сусветныя дні моладзі пройдуць у Панаме з 22 па 27 студзеня 2019 г. Чакаецца, што ўдзел у іх прымуць каля 300 тыс. чалавек з 155 краін свету.

Навіна ў фармаце аўдыё
29 снежня 2018, 12:28