Панамскія зняволеныя ствараюць канфесіяналы для СДМ-2019
Канфесіяналы будуць усталяваныя ў самым вялікім парку горада Панама – “Omar Recreation Park”, які ў сувязі са сваім прызначэннем на час правядзення СДМ-2019 атрымае назву “Парк прабачэння”. Менавіта там шматлікія пілігрымы змогуць прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання.
Штодня над стварэннем канфесіяналаў – зборкай, шліфоўкай, пафарбоўкай і аздабленнем – працуюць 35 зняволеных. Дызайнерам Лілібэт Бэнэт былі распрацаваны дзве мадэлі канфесіяналаў, абедзве натхнёныя формамі і колерамі лагатыпу СДМ-2019.
Па словах саміх зняволеных, гэта не проста “звычайная праца з дрэвам”, але іх унёсак у ініцыятыву, накіраваную на тое, каб маладыя людзі змаглі пайсці новай дарогай, адрознай ад той, якой яны ішлі раней.
У сваю чаргу, прадстаўнікі кіраўніцтва турмаў упэўненыя, што праца такога роду дазваляе прадэманстраваць здольнасці зняволеных і даць ім магчымасць адчуць сваё дачыненне да арганізацыі маштабнага малітоўнага мерапрыемства і духоўную лучнасць з яе ўдзельнікамі.
XXXIV Сусветныя дні моладзі пройдуць у Панаме з 22 па 27 студзеня 2019 г. Чакаецца, што ўдзел у іх прымуць каля 300 тыс. чалавек з 155 краін свету.