Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыканскі Дзяржсакратар правядзе Божае Нараджэнне ў Іраку

Дзяржсакратар Яго Святасці Папы, кардынал Пьетра Паралін будзе святкаваць Божае Нараджэнне ў Іраку. Візіт іерарха ў блізкаўсходнюю краіну будзе праходзіць 24-26 снежня 2018 г.

Кардынал Паралін прыбудзе ў Багдад 24 снежня. Пасля сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных улад, ён наведае касцёл Маці Божай Нястомнай Дапамогі, дзе 31 кастрычніка 2010 г. тэрарысты “Аль-Кайды” забілі 46 чалавек, сярод якіх былі два святары. Тут высокі іерарх прыме ўдзел у цырымоніі запальвання агню, што ў халдэйскай літургіі сімвалізуе нараджэнне Езуса. Затым, у багдадскай катэдры св. Юзафа, разам з Патрыярхам Луісам Сако, ён будзе цэлебраваць св. Імшу ў вігілію Божага Нараджэння.

25 снежня кардынал Дзяржсакратар таксама правядзе ў Багдадзе, дзе сустрэнецца з прадстаўнікамі мясцовых дабрачынных арганізацый.

На наступны дзень, 26 снежня, іерарх накіруецца ў горад Эрбіл – цэнтр іракскага Курдыстана. У гэтым рэгіёне знаходзіцца значная частка хрысціянскіх бежанцаў з Масула. Тут кіраўнік ватыканскай дыпламат сустрэнецца з мясцовымі ўладамі.

Апошнім пунктам праграмы візіту ў Ірак для кардынала Параліна стане Ніневійская раўніна. Тут здаўна пражывала вялікая колькасць хрысціян. Многія з іх вяртаюцца сюды пасля разгрому тэрарыстычнай групоўкі “Ісламская дзяржава”. У цэнтры рэгіёна, горадзе Каракош, які два гады знаходзіўся пад кантролем тэрарыстаў, кардынал Паралін, разам з Патрыярхам Ігнацыем Юсэфам ІІІ Юнанам, будзе цэлебраваць св. Імшу.

Пілігрымка кіраўніка ватыканскай дыпламатыі стане выразам блізкасці Пантыфіка да краіны, насельніцтва якой цяжка пакутавала на працягу апошніх дзесяцігоддзяў, і якую ён неаднаразова выказваў жаданне наведаць, як толькі гэта стане магчыма.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 снежня 2018, 10:34