Сусветныя дні моладзі з павагай да карэнных народаў
Высновы I Сусветнай сустрэчы моладзі карэнных народаў былі прадстаўлены на адмысловай прэс-канферэнцыі ў Панаме. Прадстаўнікі 40 плямёнаў размаўлялі пра багацце сваіх тысячагадовых культур і пра рэальнасць, у якой яны жывуць зараз.
Акрамя сталага парушэння правоў карэнных народаў, назіраецца эксплуатацыя іх тэрыторый з боку транснацыянальных кампаній і буйных эканамічных арганізацый. “Мы з болем заяўляем, што ўлады і ўрады, замест клопату пра ўсё насельніцтва, асабліва найбольш уразлівае, уступаюць у саюз з эканамічнымі гігантамі для рэалізацыі ўласных інтарэсаў, штурхаючы іншых на задворкі”, - адзначаецца ў адмысловым звароце.
“Мы, моладзь карэнных народаў, адзіным голасам патрабуем паважаць нашу разнастайнасць, бачанне свету і наш лад жыцця, якія адлюстраваны ў практыцы Добрага Жыцця. Як карэнныя народы, мы прызнаем, што зямля – гэта наша маці, і таму мы патрабуем клопату пра Агульны Дом, каб усе народы маглі гарантаваць новым пакаленням жыццё і будучыню”, - адзначаецца ў паведамленні.
Ад палітычных уладаў моладзь патрабуе прызнання і вызначэння тэрыторый плямёнаў, а таксама фарміравання адукацыі, якая б з павагай ставілася да культуры карэнных народаў. “Наш дарагі Касцёл мы просім адпаведнай прасторы для нас, каб маглі жыць нашай духоўнасцю ў сувязі з традыцыямі нашых продкаў і верай у Езуса Хрыста”, - напісалі прадстаўнікі моладзі карэнных народаў.