Набліжаецца Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян
Сёлета дэвізам Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян з’яўляюцца словы з кнігі Другазаконня (Дрг 16, 20) “Імкніся да справядлівасці”.
Малітоўныя матэрыялы ў гэтым годзе падрыхтавалі хрысціяне з Інданэзіі. Канчатковы тэкст быў распрацаваны і зацверджаны членамі Міжнароднага камітэта, прызначанага Сусветнай Радай Цэркваў і Папскай радай спрыяння хрысціянскаму адзінству.
У Інданезіі жыве 256 мільёнаў чалавек, з якіх прыкладна 86% з’яўляюцца паслядоўнікамі ісламу. Каля 10% – гэта хрысціяне розных традыцый: 3% католікі і 7% пратэстанты. Гэта самая вялікая краіна ў Паўднёва-Усходняй Азіі. Яна складаецца з больш чым 17 тыс. астравоў; тут 1340 этнічных груп і больш за 740 мясцовых моў.
Тэрмін правядзення Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян быў прапанаваны піянерам экуменічнага руху Полам Уотсанам з ЗША ў 1908 г., каб падкрэсліць сувязь паміж св. Пятром і св. Паўлам.
Для католікаў цэнтральным набажэнствам з’яўляецца экуменічная малітва, якую штогод у базыліцы св. Паўла за Мурамі ўзначальвае Пантыфік. Сёлета ўрачыстыя Нешпары пройдуць 18 студзеня 2019 г., у пачатку, а не – як гэта прынята – у канцы Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян. Змена прадыктавана тым, што 25 студзеня – дата заканчэння Тыдня – Папа будзе знаходзіцца ў Панаме на Сусветных днях моладзі. У ватыканскай экуменічнай малітве возьмуць удзел прадстаўнікі прысутных у Рыме хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцей.
26 студзеня, на заканчэнне Тыдня, набажэнства з удзелам прадстаўнікоў розных веравызнанняў пройдзе і ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі. Чакаецца, што ў набажэнстве, якое ўзначаліць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, возьмуць удзел прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы і розных пратэстанцкіх супольнасцей.