Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Беларусь: фестываль хрысціянскай музыкі “Дастукацца да нябёсаў”

У Беларусі восьмы раз прайшоў фестываль хрысціянскай музыкі “Дастукацца да нябёсаў”. Штогадовы музычны марафон, які ладзіцца ў Баранавічах, сабраў сёлета шэсць гуртоў розных канфесій.

На сцэне спявалі: Talitha Kum, AVE – музычны гурт Гродзенскай семінарыі, евангелізацыйны музычны праект OPEN, The Crossway, Rybyproject і гурт ХДН.

Паслухаць спевы музыкаў прыехала моладзь з розных куткоў краіны. Сярод іх – Эдзіта Хадановіч. Дзяўчыне радасна ўсведамляць, што такія мерапрыемствы ёсць у краіне. На яе думку, яны моцна аб’ядноўваюць хрысціян. “Мне падабаецца, што яны накіраваныя канкрэтна на моладзь, бо ў духоўным плане аб’яднаць моладзь – вельмі няпростая задача. Кожны раз, калі наведваю штосьці падобнае, духоўна ачышчаюся: упарадкоўваюцца думкі, становіцца лягчэй дыхаць, я штосьці вырашаю для сябе, пераасэнсоўваю, заўсёды радасна на душы... Магу толькі адно сказаць – буду і далей падобныя мерапрыемствы наведваць, таму што гэта проста чароўна”, - прызналася маладая верніца з Нарачы.

Упершыню фестываль Дастукацца да нябёсаў праводзіўся ў 2012 г. у Астраўцы, затым – у Гудагаі, і вось ужо шосты раз адбываецца ў Баранавічах. Арганізатарам выступіла мясцовая парафія Божай Міласэрнасці і Маці Божай Вострабрамскай. Непасрэдна рэалізаваў праект кс. Павел Рудзьман.

Кожны год фэст наведвае Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Іерарх падтрымлівае моладзь у прагненні славіць Бога спевамі. “Езус сказаў: “Ідзіце, і абвяшчайце Евангелле”. І гэта заданне Касцёла, дыяцэзіі, кожнага асобнага пробашча, але таксама кожнага хрысціяніна. Таму мы з Евангеллем ідзём да розных узроставых груп. Гэты фестываль мае на мэце сучаснай мовай данесці Евангелле да маладых людзей – тых, хто вучыцца, працуе; тых, хто знаходзіцца ў пошуках сэнсу жыцця, і таксама тых, хто раздумвае, як служыць грамадству і Богу ў будучыні”, - сказаў у каментары для Беларускай рэдакцыі Vatican News пастыр Пінскай дыяцэзіі.

Музычная частка мерапрыемства была спалучана з дабрачыннай. Напрыканцы канцэрту ўсе, хто жадаў маглі далучыцца да збору ахвяраванняў на патрэбы гомельскай Дабрачыннай каталіцкай Місіі “Карытас-Міласэрнасць”. У першую чаргу сабраныя сродкі будуць накіраваныя на ўтрыманне транспарту для выхаванцаў гомельскай “Дзіцячай вёскі”– інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Навіна ў фармаце аўдыё

Photogallery

Фестываль хрысціянскай музыкі “Дастукацца да нябёсаў”
10 лютага 2019, 17:52