Былы кардынал МакКарык пазбаўлены духоўнага сану
16 лютага 2019 г. Кангрэгацыя Веравучэння абнародавала спецыяльнае паведамленне адносна сітуацыі 88-гадовага былога высокага амерыканскага іерарха.
“11 студзеня 2019 г. Кангрэс Кангрэгацыі Веравучэння, на заканчэнне пакаральнага працэса адносна Тэадора Эдгара МакКарыка, арцыбіскупа Вашынгтонскага на пенсіі, выдаў дэкрэт, у якім абвінавачаны быў прызнаны вінаватым у наступных злачынствах, здзейсненых у духоўным сане: дамаганне падчас споведзі і парушэнне шостай запаведзі Дэкалогу з непаўналетнімі і дарослымі асобамі, абцяжаранае злоўжываннем уладай. На яго было накладзена кара ў выглядзе пазбаўлення духоўнага сану”, - гаворыцца ў камюніке.
Паведамляецца, што 13 лютага 2019 г., пасля вывучэння аргументаў, прадстаўленых у апеляцыйнай скарзе, якое адбылося падчас Звычайнай сесіі Кангрэгацыі Веравучэння (Ферыі IV), было вырашана пацвердзіць дэкрэт Кангрэса. Тэадору МакКарыку было паведамлена аб гэтым рашэнні 15 лютага 2019 г.
Святы Айцец прызнаў канчатковы характар рашэння, адпаведны закону, што робіць справу “res iudicata”, гэта значыць, што яна не падлягае перагляду.
28 ліпеня 2018 г. Францішак прыняў адстаўку тагачаснага кардыналаТэадора МакКарыка з членства ў Калегіі Кардыналаў. Адначасова Папа наклаў на яго кару суспэнсы “ad divinis” і загадаў яму весці жыццё ў малітве і пакаянні, застаючыся ў адасабленні да канца кананічнага працэсу. Нямногім больш за месяц да гэтага кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін, ад імя Пантыфіка, загадаў іерарху не выконваць публічна святарскага служэння.