Архімандрыт Гаек падчас размовы з Францішкам Архімандрыт Гаек падчас размовы з Францішкам 

Архімандрыт Гаект пра прыярытэты душпастырства ў 2019 г.

Рэха значнага юбілею – 1150-годдзя перадачы святымі Кірылам і Мятодам папу Адрыяну ІІ Святога Пісання на славянскай мове – працягвае гучаць у Грэка-Каталіцкай Царкве Беларусі.

Дата, якая адзначалася ў мінулым годзе, стала натхненнем для душпастырскай працы і ў гэтым, таму што спадчына апосталаў славянаў і апекуноў Еўропы актуальная і сёння.

Важна не толькі захаваць памяць аб падзеі, але і асэнсаваць яе, падкрэсліў архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі. “Святыя Кірыл і Мятод перадалі папу Адрыяну ІІ Святое Пісанне і літургічныя тэксты на славянскай мове, якой славяне фактычна карыстаюцца ўвесь гэты час. Гэта агульнаславянская спадчына мае дачыненне і да Беларусі. Мы хочам зрабіць своеасаблівы рахунак сумлення: наколькі мы гэтай спадчынай жывём сёння? Таму што евангелізацыя азначае, не толькі прывесці чалавека ў храм, але і навучыць яго жыць Евангеллем там, дзе жыве і працуе: ў сферы культуры, навукі...”, - адзначыў святар.

Узгаданы юбілей цесна звязаны са спадчынай першадрукара Францішка Скарыны. 500-годдзе першай друкаванай кнігі таксама шырока адзначалася ў краіне. Успамін гэтых падзей, а таксама людзей, якія шмат зрабілі дзеля евангелізацыі ці пацярпелі за гэтую справу, знойдзе месца падчас святаў і мерапрыемстваў грэка-католікаў Беларусі, паведаміў архімандрыт Сяргей Гаек.

“Гэты год – 180-годдзе так званага Полацкага сабору, які далучыў грэка-каталіцкія епархіі да дзяржаўнай царквы, прычым не беларускай, не прымаючы пад увагу пратэстаў шматлікіх святароў. Мы не хочам нікога асуджаць, але хочам за іх маліцца. Таму нашы вернікі некалькі дзён таму адправіліся ў вёску Царкоўна над Асвейскім возерам, каб маліцца на месцы, дзе маліліся святары, якія жадалі захаваць вернасць Апостальскай Сталіцы. Гэта наш сучасны духоўны капітал, каб мы маглі заставацца мужнымі сведкамі Евангелля”, - патлумачыў архімандрыт.

А пачалося ўшанаванне важных для грэка-католікаў падзей 9 лютага 2019 г. з супольнай малітвы ў грэка-каталіцкім храме Душпастырскага цэнтра св. Язэпа ў Мінску, напярэдадні святкаванне памяці святых Кірыла і Мятода, з нагоды 1150-й гадавіны спачыну св. Кірыла ў Рыме 14 лютага 869 г. Набажэнства ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі, арцыбіскуп Габар Пінтэр, на ім прысутнічалі таксама рыма-каталіцкія біскупы.

Навіна ў фармаце аўдыё
27 лютага 2019, 11:23