Арцыбіскуп Кандрусевіч: шчыра і рашуча супраць злоўжыванняў
Мэта форума – яшчэ раз прызнаць праблему і зрабіць рэвізію: ці барацьба з ёй максімальна эфектыўная? І хоць у Беларусі не было зарэгістравана такіх выпадкаў, гэта не значыць, што “наша хата з краю”, адзначыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, які прадстаўляў беларускі епіскапат на сустрэчы.
Па-першае, заставацца ў баку ад праблем сусветнай каталіцкай супольнасці не можа ніводная краіна. Па-другое, як кажуць, ніхто не застрахаваны. Менавіта таму наша біскупская канферэнцыя яшчэ ў 2012 г. распрацавала і прыняла нормы адносна разгляду спраў аб злоўжываннях. Пасля ватыканскага форума іх плануецца ўдасканаліць, прызнаўся іерарх беларускай рэдакцыі Vatican News. Таксама пры Канферэнцыі Біскупаў у Беларусі ёсць спецыяльны эксперт, адказны за вядзенне такіх спраў.
“Падчас даследавання такога роду спраў трэба выкарыстоўваць і калегіяльнасць, і сінадальнасць Касцёла. Калегіяльнасць – гэта біскупы, сінадальнасць – гэта свецкія асобы. Асабліва трэба карыстацца дапамогай свецкіх юрыстаў і псіхолагаў, якія добра ведаюць справу. Таксама трэба супрацоўнічаць з дзяржавай, бо ў дзяржавы ёсць свае законы”, - заўважыў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Форум ужо параўналі з “надзвычайным сінодам”. Адкрытае і шчырае абмеркаванне праблемы яшчэ адзін крок да яе вырашэння. Кожная з краін, у залежнасці ад маштабаў “хваробы”, далей пойдзе сваім шляхам, але з агульнай мэтай – вылечыць яе, падкрэсліў беларускі іерарх.