Сусветны дзень хворых – Касцёл з тымі, хто пакутуе
Дзень выбраны не выпадкова, 11 лютага 1858 г. адбылося першае аб’яўленне Маці Божай у Лурдзе. Такім чынам, духоўным натхненнем для хворых і іх апекуноў з’яўляецца Найсвяцейшая Панна Марыя. Менавіта таму галоўныя ўрачыстасці Дня па чарзе, раз у два-тры гады, адбываюцца ў марыйных санктуарыях свету. У гэтым годзе – гэта Калькута ў Індыі, горад св. Маці Тэрэзы.
У пасланні на сёлетні 27-ы Сусветны дзень хворых Папа адзначыў, што апека над тымі, хто пакутуе патрабуе прафесіяналізму, адчувальнасці, бескарыслівасці, непасрэднасці і прастаты. Ён заўважыў, што па сваёй сутнасці кожны чалавек патрабуе дапамогі. “На любым этапе і на любой стадыі жыцця, ніхто з нас не можа цалкам вызваліцца ад патрэб і дапамогі іншых. Сумленнае прызнанне гэтай ісціны дапамагае нам заставацца сціплымі і мужна практыкаваць салідарнасць, як неабходную для існавання цноту”, - напісаў Францішак.