Арцыбіскуп Кандрусевіч: сесці за стол перамоў па Курапатах
Заклік звязаны з апошнімі падзеямі ў месцы масавага пахавання рэпрэсіраваных жыхароў Беларусі. 4 красавіка 2019 г. адсюль былі па-варварску вывезены дзясяткі драўляных крыжоў, а 13 красавіка – сітуацыя паўтарылася – былі вырваны з зямлі і вывезены ўжо металічныя крыжы.
Улады патлумачылі дзеянні неабходнасцю навядзення парадку. Але грамадскасць палічыла такія метады нечалавечымі: прадстаўнікі Цэркваў і аб’яднанняў, палітыкі, дыпламаты прасілі спыніць “крыжалом”.
Толькі размова па пытанні Курапатаў дапаможа знайсці правільныя рашэнні – так лічыць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. “Калі там трэба навесці парадак – ніхто не супраць! Аднак, варта рабіць гэта цывілізаваным спосабам. Я ўжо размаўляў с нашымі ўладамі і казаў, што трэба было паклікаць прадстаўнікоў розных рэлігійных супольнасцей і сказаць аб тым, што ёсць жаданне навесці парад, патлумачыць, якім чынам гэта будзе зроблена? Мы таксама здымаем крыжы, калі іх трэба рэстаўраваць, здымаем іконы, калі іх трэба рэстаўраваць, але перад гэтым мы размаўляем з людзьмі. Калі людзі ўбачылі, што вывозяць крыжы, а яны яшчэ памятаюць часы ганенняў, калі крыжы ламалі і зневажалі, то, вядома, яны абурыліся, пачаліся пратэсты. Таму нашым пажаданнем было сесці за стол перамоў прадстаўнікам дзяржаўнай улады, грамадскіх і рэлігійных арганізацый, каб не раскачваць гэты човен”, - адзначыў іерарх.
Курапаты з сярэдзіны мінулага стагоддзя сталі балючай кропкай на карце Беларусі. У канцы 30-х - пачатку 40-х гг. тут адбываліся масавыя расстрэлы. Памяць аб жудасных падзеях і смутак па ахвярах жыве ў беларускім народзе, і такія акцыі як знос крыжоў – святога для вернікаў сімвала – азмрочваюць пашану да Курапатаў і як быццам вяртаюць у тыя часы.
“І гэта адбываецца падчас Вялікага посту, калі ўсе хрысціяне накіроўваюць свой позірк на крыж, які з’яўляецца знакам надзеі. Трэба маліцца, каб не адбывалася знявага крыжа ў нашай краіне, каб крыж заставаўся важным знакам у яе жыцці”, - сказаў Vatican News арцыбіскуп Кандрусевіч.
Іерарх заклікаў маліцца, каб крыжы Курапатаў вярнуліся на сваё месца і каб такое больш не паўтарылася. Некалькі дзён застаецца да Вялікай Пятніцы – дня, калі Збаўца прыняў смерць на крыжы дзеля адкуплення грахоў чалавецтва. Як важна памятаць аб гэтым, каб не зневажаць знаку збаўлення і з павагай ставіцца да народнага болю.