Законніца будзе аўтарам разважанняў Крыжовага шляху ў Калізеі
Італьянская законніца належыць да манаскага Інстытута Сясцёр Місіянерак Маці Божай Суцяшэння і ўзначальвае асацыяцыю “Slaves no more”, якая дапамагае ахвярам гандлю людзьмі.
Галоўнай тэмай разважанняў, якія сястра Эўджэнія рыхтуе на просьбу папы Францішка, будуць пакуты людзей, якія сталі ахвярамі сучаснага рабства.
Традыцыя правядзення Крыжовага шляху ў Калізеі была закладзена ў 1750 г., калі Бэнэдыкт XІV абвясціў рымскі амфітэатр месцам асаблівага ўшанавання пакут Хрыста і ахвяры хрысціянскіх мучанікаў. Спачатку разважанні засноўваліся выключна на фрагментах Святога Пісання, працах Айцоў і Доктараў Касцёла, святых. Змены адбыліся ў 1984 г., калі медытацыі напісаў асабіста Ян Павел ІІ. У наступныя гады ён прасіў рабіць гэта свецкіх і духоўных асоб з розных краін, не заўсёды католікаў.
Першай жанчынай, якая напісала разважанні да Крыжова шляху ў Калізеі стала ў 1993 г. сястра Анна Марыя Канопі, настаяцельніца бэнэдыктынскага абацтва “Mater Ecclesia”. Сярод аўтараў была ў 1995 г. і пратэстанцкая манахіня са Швейцарыі Мінкэ дэ Фрыс.