Папа моліцца за місіянерку, забітую ў ЦАР
Папа запэўніў у малітве аб вечным супакоі для іспанскай місіянеркі, сястры Інэс Нэвес Санча, якая некалькі дзён таму была забіта ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы.
“Я хацеў бы разам з вамі ўзгадаць 77-гадовую сястру Інэс Нэвес Санча, выхавальніцу бедных дзяўчат на працягу дзесяцігоддзяў, якая была варварскі забіта ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, у тым самым месцы, дзе вучыла дзяўчат шыццю. Гэта чарговая жанчына, якая аддала сваё жыццё Езусу, служачы ўбогім. Памолімся за яе разам...”, - заклікаў Папа на заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая 22 мая 2019 г. прайшла ў Ватыкане.
Сястра Інэс Нэвес Санча прыналежала да невялікай манаскай супольнасці Сясцёр Езуса. 21 мая яе знявечанае цела было знойдзена ў вёсцы Нола, на паўднёвым усходзе Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі, дзе яна займалася евангелізацыйнай дзейнасцю.
22 мая 2019, 13:27