Францішак прызначыў дэлегата для санктуарыя ў Лурдзе
Аб гэтым абвясціў арцыбіскуп Рына Фізікела, старшыня Папскай Рады па новай евангелізацыі, якая займаецца пытаннямі каталіцкіх санктуарыяў.
Рашэнне наступіла пасля прызначэння папскага дэлегата для Меджугор’я, якім стаў у 2017 г. польскі арцыбіскуп Генрык Хосэр. Такім чынам Пантыфік дэманструе сваю заклапочанасць душпастырскім клопатам пра пілігрымаў. Ён жадае, каб цэнтры марыйнага культу ў большай ступені былі “месцамі хрысціянскай малітвы і сведчання, што адпавядае патрэбам народа Божага”. Аб гэтым напісаў сам Францішак у адмысловым лісце да біскупа Эруара.
Прызначэнне стала вынікам візітацыі, якую правёў арцыбіскуп Фізікела ў лурдскім санктуарыі ў якасці спецыяльнага папскага пасланніка.
Мандат біскупа Эруара, які захоўвае пасаду ў Лільскай архідыяцэзіі, абмяжоўваецца самім санктуарыем. Дыяцэзіяй Тарб і Лурд будзе па-ранейшаму кіраваць біскуп Нікаля Брувэ.
Па словах праграмнага дырэктара ватыканскіх СМІ Андрэя Тарніелі, Францішак звяртае асаблівую ўвагу на душпастырства ў санктуарыях, паколькі хоча, каб духоўныя пытанні мелі прыярытэт над адміністрацыйнымі і фінансавымі аспектамі. Таксама ён жадае падтрымаць народную пабожнасць, якая традыцыйна развіваецца пры санктуарыях.
У Лурд, месца аб’яўленняў Маці Божай у 1858 г., штогод прыбывае каля 6 мільёнаў пілігрымаў з усяго свету.