Папа заснаваў экзархат для ўкраінскіх грэка-католікаў у Італіі
Апостальскім адміністратарам “sede vacante” новаўтворанай структуры быў прызначаны кардынал Анджэла Дэ Данаціс, Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі. Межы Апостальскага экзархату ахопліваюць тэрыторыю ўсёй Італіі. Яго катэдральным саборам і сядзібай будзе царква святых Сяргея і Вакха ў Рыме.
На тэрыторыі Італіі пражывае каля 70 тыс. украінскіх грэка-католікаў. Яны паяднаны ў 145 супольнасцей, душпастырскім клопатам іх агарняюць 62 святары.
Пачатак масавай прысутнасці ўкраінскіх грэка-католікаў у Італіі сягае сваімі каранямі ў канец ХХ ст. Першапачаткова душпастырская апека над імі была даручана службе “Migrantes” пры Канферэнцыі Біскупаў Італіі. Быў прызначаны святар, які каардынаваў гэту дзейнасць на тэрыторыі ўсёй краіны. Душпастырскую адказнасць за супольнасці вернікаў неслі мясцовыя біскупы лацінскага абраду. Сувязь з Вярхоўным Архіепіскапствам Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы была забяспечана таксама праз асобу Апостальскага візітатара, якім з’яўляецца епіскап Дыянісій Ляховіч.